Загінулыя ў Докшыцкім раёне алені, хутчэй за ўсё, былі атручаныя
Загінулыя ў Докшыцкім раёне алені, хутчэй за ўсё, былі атручаныя. Аб гэтым заявіў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Сяргей Новікаў 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Нагадаем, 26 снежня ў вальеры паляўнічага лецішча Камайск Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці на тэрыторыі ў 40 га быў знойдзены 41 мёртвы алень. З вялікага статку выжылі толькі 33 алені. На
тэрыторыі вальера былі таксама знойдзены плямы рэчыва сіняга колеру. Вірусалагічныя, біялагічныя і хімічныя экспертызы цяпер працягваюцца, узяты пробы корму. Тушы жывёл утылізаваны, на паляўнічым
лецішчы ўведзены каранцін. Алені, якія выжылі, пераведзены ў іншы вальер і ўзяты пад назіранне. Пагалоўе аленяў на паляўнічым лецішчы гадавалі два гады. Частку жывёл у найбліжэйшы час планавалася
выпусціць на волю. Праверку па факце гібелі аленяў праводзіць Докшыцкі РАУС.
"Усе прыкметы ў наяўнасці атручэння гэтых жывёл, але канчатковую кропку, канешне ж, паставіць следства", — падкрэсліў начальнік дзяржінспекцыі. Паводле яго слоў, на
завяршэнне ўсіх экспертыз неабходны час, часам сапраўдную прычыну гібелі жывёл не ўдаецца ўстанавіць з першага разу.
Новікаў не змог выказаць меркавання, каму магло быць выгадна атручэнне аленяў. "Я ніяк не магу зразумець людзей, якія гэта зрабілі. Я ўпэўнены, што гэта зрабілі людзі, хаця людзьмі іх назваць
нельга", — сказаў ён.