Залаты ўзрост — час для адукацыі
Нефармальная адукацыя пакуль не знайшла даверу ў дзяржаўных інстытуцыях. Прадстаўнікі ж грамадзянскай супольнасці менавіта з ёй звязваюць вялікія надзеі на выхаванне грамадзян сваёй краіны з шырокімі поглядамі і жаданнем пераменаў у арганізацыі жыццёвага ладу. Асабліва цікавымі і новымі для Беларусі выглядаюць адукацыйныя праграмы для людзей “залатога веку, то бок для тых, хто падышоў ці ўжо перакрочыў мяжу пенсійнага ўзросту.
Нефармальная адукацыя пакуль не знайшла даверу ў дзяржаўных інстытуцыях. Прадстаўнікі ж грамадзянскай супольнасці менавіта з ёй звязваюць вялікія надзеі на выхаванне грамадзян сваёй краіны
з шырокімі поглядамі і жаданнем пераменаў у арганізацыі жыццёвага ладу. Асабліва цікавымі і новымі для Беларусі выглядаюць адукацыйныя праграмы для людзей “залатога веку, то бок
для тых, хто падышоў ці ўжо перакрочыў мяжу пенсійнага ўзросту.
Пачнём з таго, што, паводле вынікаў даследавання, агучаных Наталляй Рабавай падчас круглага стала “Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: патрэбы, досвед, інавацыі, што
ладзіўся ў межах Тыдня нефармальнай адукацыі, нават у сталіцы дасведчанасць насельніцтва наконт наяўнасці паслуг нефармальнай адукацыі нізкая. Больш за палову апытаных рэспандэнтаў адказалі, што
ніколі не прымалі ўдзел у адукацыйных мерапрыемствах камерцыйных і некамерцыйных арганізацый. На пытанне “Калі не прымалі ўдзелу, то чаму? гэтая катэгорыя апытаных часцей за ўсё
выбірала варыянт адказу: “Не ведаю пра такія магчымасці.
Найбольшую цікаўнасць выклікаюць адукацыйныя паслугі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю і падвышэннем кваліфікацыі. Аднак, нягледзячы на тое, што спажыўцы праяўляюць відавочна функцыянальнае стаўленне
да адукацыйных праграм, разглядаючы іх як сродак падвышэння кваліфікацыі і ўласнай канкурэнтаздольнасці на рынку працы, досыць вялікі працэнт рэспандэнтаў праяўляе цікавасць да мерапрыемстваў
грамадзянскай адукацыі.
Варта патлумачыць, што нефармальная адукацыя — гэта не толькі курсы цырульнікаў, але і гурткі па інтарэсах, школы пэўнай прафесійнай скіраванасці, праграмы для пажылых людзей. У Беларусі
гродзенцы ў нефармальнай адукацыі бадай што ў ліку лепшых. У вузкіх колах добра вядомыя гродзенскія ГА Цэнтр “Трэці сектар, Школа маладога журналіста.
Два гады таму там жа распачаўся праект “Універсітэт залатога веку. Гэтая праграма скіраваная на актыўных жыхароў Гродна сталага веку. Удзел у ёй могуць браць актыўныя сталыя людзі
ў пенсійным ці перадпенсійным узросце. “Універсітэт залатога веку — гэта цікавыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, магчымасць навучыцца таму, на што раней не хапала часу,
развівацца інтэлектуальна, фізічна і духоўна, быць карыснымі іншым людзям! — так пазіцыянуюць гэту ініцыятыву яе арганізатары.
Да слова, першы ўніверсітэт для сталых людзей пачаў працаваць у 1973 годзе ў Тулузе (Францыя). У 1975 годзе Універсітэт трэцяга веку пачаў дзейнічаць у Варшаве. Ва Вроцлаве (Польшча) сёння дзейнічае
сем Універсітэтаў трэцяга веку. У апошнія 10 гадоў такога кшталту ўніверсітэты актыўна пачалі стварацца ў Расіі, Украіне.
Старшыня ГА Цэнтр «Трэці сектар» Вітаўт Руднік гаворыць, што да ідэі арганізаваць такі ўніверсітэт яго стваральнікі падступаліся доўга. “Мы тры гады кантактавалі з
польскімі спецыялістамі, каб зразумець, ці можам стварыць арганізацыю, якая не будзе толькі гуртком па інтарэсах. Стварэнне нашага праекту пачалі пры падтрымцы вроцлаўскага Універсітэту трэцяга
ўзросту, — распавядае Вітаўт Руднік. — Мы будзем стымуляваць і стымулюем валанцёрскую працу. Мы працуем па прынцыпу, як і калегі ў Польшчы, вельмі сімвалічнай платы за навучанне.
Але думаем аб тым, каб атрымліваць хаця б нейкую плату ад удзельнікаў, бо, калі чалавек укладае хаця б мінімальныя сродкі, гэта істотна падвышае ўзровень яго адказнасці. Людзі ў такім выпадку стала
наведваюць заняткі, а не проста запісваюцца і кідаюць праз колькі часу.
Вітаўт Руднік распавядае, што цягам двух гадоў праз іх універсітэт прайшлі больш за сто слухачоў: “Цяпер проста няма адбою. Пажылыя людзі сталі істотным сегментам для атрымання адукацыйных
паслуг. У нашых планах стварыць цэнтр дадатковай адукацыі для дарослых, што стала б пляцоўкаю для розных адукацыйных праграм. Але ў Гродна цяпер вялікія праблемы нават з плошчаю, дзе проста можна
было сабрацца. У нас было чатыры спробы зарэгістраваць Цэнтр нефармальнай адукацыі дарослых, але заўжды былі адмовы ва ўзгадненні назвы, хаця якія толькі варыянты ні прапаноўвалі...
Дзмітрый Карпіевіч (Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы) гаворыць, што ў рэгіёнах Беларусі прапановы нефармальнай адукацыі выглядаюць больш сціпла ў параўнанні з Мінскам. “У цэлым
сітуацыя з развіццём адукацыі выглядае сумна, ёсць дысбаланс праграм для развіцця дарослых у рэгіёнах. Хаця за апошнія год-два сітуацыя і ў гэтай сферы пачала кардынальна змяняцца. Аднак усё яшчэ не
хапае інстытуцыянальных прапаноў на мясцовых узроўнях, — зазначае Карпіевіч.
Прадстаўніца асацыяцыі адукацыі дарослых Літвы Даля Цымбалюк кажа, што ў іх таксама ёсць аналагічныя праблемы. “Не хапае інстытуцый у рэгіёнах. Большасць арганізацый, які непасрэдна
займаюцца нефармальнай адукацыяй, сканцэнтраваныя ў Вільнюсе. Але ёсць пазітыўнае — у нас маюцца заканадаўчыя асновы нефармальнай адукацыі. Хаця яна ўсё яшчэ не ўспрымаецца
сур’ёзна. Гэта тычыцца і стаўлення да нефармальнай адукацыі, і прызнання сертыфікатаў, выдадзеных установамі, што працуюць у гэтай сферы, — гаворыць Даля Цымбалюк.
Дырэктар Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Бойка распавядае, што ў іх ёсць праграмы для пажылых людзей, і яны запатрабаваныя, бо асабліва ў сельскай
мясцовасці колькасць асобаў сталага ўзросту надзвычай высокая — прыкладна кожны трэці чалавек ці ў перадпенсійным, ці ў пенсійным узросце.
“Працуючы з пажылымі людзьмі, я зразумела, што былыя падыходы цяпер састарэлі, — дзеліцца досведам Таццяна Бойка. — На першы план выходзяць паслугі, які дазваляюць
актывізаваць людзей. Ад пачатку я сама сумнявалася, ці гатовыя пажылыя людзі ўдзельнічаць у адукацыйных праграмах. Але практыка паказала, што і ў райцэнтрах, і ў вёсках ёсць патрэба ў такой адукацыі.
Першыя адукацыйныя курсы мы пачыналі з кампутарнай граматнасці, другі і трэці наборы праводзілі ўжо на платнай аснове, але па даступных коштах. І гэта ніяк не паўплывала на зацікаўленасць у іх.
Матывацыя ў людзей паважанага веку для свайго развіцця — імкненне не адставаць ад моладзі, пашырыць кола зносінаў.