Жанчына з беларускай вёскі выпадкова трапіла на фота — і стала зоркай італьянскага часопіса
Выпадкова зробленае фота 89-гадовай жыхаркі беларускай вёскі Марыі Дудзіч патрапіла на сайт італьянскага часопіса Sguardo Magazine, перадае карэспандэнт тэлеканала «Мир 24».
Сама таго не падазраючы, Марыя Станіславаўна прачнулася знакамітай — яе фота абляцела інтэрнэт. Праўда, што гэта такое, бабуля не ведае. Улетку ў вёску з Масквы прыязджала дачка знаёмых. На памяць зрабіла здымак беларускай бабулі, а потым адправіла ў модны італьянскі часопіс на конкурс пра культуру розных краін.
«Сын тэлефануе і кажа, што ў гэтым, як яго, у інтэрнэце, у італьянскім часопісе я», — распавяла бабуля.А на сямейным здымку Марыя Станіславаўна — 20-гадовая нявеста, за плячыма якой вайна. Яна згадвае, як даводзілася шмат працаваць, як вёску рабавалі немцы. Яе стрыечныя браты сышлі ў партызаны, а родны брат — на фронт.
«На фронце быў, у Кенісберге быў». — «Прайшоў усю вайну?». — «Усю вайну». — «А памятаеце, як ён вяртаўся?». — «Памятаю, мы такія радасныя былі».
Двое дзяцей, чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў — сям'я ў Марыі Станіславаўны вялікая. Родных то новымі вязанымі шкарпэткамі парадуе, дарэчы, зрок у яе выдатны, то пірагі спячэ. Сядзець без справы не прывыкла. Усё жыццё працавала даяркай. Ды і зараз трымае гаспадарку.
«Два кабана, парасяткі маленькія, 30 курэй і конь», — пералічвае пенсіянерка.
Даглядаць за ўсімі дапамагае дачка. Разам і агарод саджаюць, і кветнікі разбіваюць.
«Мама мая самая лепшая, усё яе ў вёсцы любяць. Ніколі нікога не пакрыўдзіла. Яна ў нас самая добрая», — кажа Ганна Юшкевіч.
Баба Маша ў жніўні адзначыць 90-годдзе. У яе родзе шмат доўгажыхароў: мама і сёстры святкавалі 100-гадовы юбілей. Сакрэт, кажа Марыя Станіславаўна, у дабрыні. І раіць больш усміхацца.
Зараз чытачы італьянскага часопіса галасуюць за лепшае фота. Арганізатары конкурсу надрукуюць яго ўжо ў бліжэйшым нумары моднага выдання.
tut.by