Жанчына знайшла выкрадзенага мужа па фота, яго таемна абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў
Страціўшы надзею на сістэму, людзі самі пачынаюць шукаць сваіх зніклых сваякоў. Нярэдка тыя ўжо пад крымінальным пераследам, ім пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення. Жыхарка Мінска Кацярына Савіцкая расказала Свабодзе, што 10 жніўня яе мужа Юрыя выкралі проста з працоўнага месца.
Ён дырэктар сталічнай станцыі шынамантажу. Туды ўваліліся шасцёра невядомых у цывільным, заштурхалі яго ў мікрааўтобус і звезлі ў невядомым кірунку. Не назваліся і не сказалі, за што. Дома сам-насам з невядомасьцю засталіся жонка і 4-гадовае дзіця.
Допыт без права на адваката і на вестку сваякам
Наступныя чатыры дні (замест дапушчальных 72 гадзін) яна нічога не ведала пра месца знаходжання і стан Юрыя. Ні ў якіх спісах мужчына не значыўся. А ў тэлефонах, праз якія «можна ўсё даведацца», раз за разам чуліся абрывістыя гудкі.
«Зняволеных занадта шмат — не маем часу іх афармляць», — аргументавалі ў ГУУС Мінгарвыканкаму.
Нарэшце Кацярына Савіцкая пачала сама шукаць каго-небудзь, хто мог пазнаць мужа па фатаздымку. І начакана ёй пашанцавала: знайшліся тыя, хто сядзеў з ім у адной камэры.
«Ад супрацоўнікаў РУУС Заводскага раёну ўдалося даведацца, што ён нібыта ў групе людзей, якую адправілі ў Жодзіна, — расказвае яна. — Як толькі 13 жніўня адтуль пачалі адпускаць людзей, я з самай раніцы стаяла ў натоўпе і падбягала да кожнага вызваленага. Знайшла мужчын, якія 10-га таксама былі ў тым жа аддзяленні міліцыі, але ніхто апазнаць мужа не змог. Сцямнела. Ужо нічога не чакаючы, падышла да хлопца. Ён задумаўся, зірнуўшы на фота. Апісала, у што быў апрануты. І пацвердзіў: так, быў з такім у камеры. Сказаў, што ўсё кепска, рыхтуецца крымінальная справа».
Для Кацярыны стала шокам, што Юрыю пагражае да 15 гадоў за «арганізацыю масавых беспадаркаў». Потым выходзілі іншыя сядзельцы, якім муж пакінуў яе нумар, тэлефанавалі, пацвярджаючы сумныя перспектывы.
«Так я даведалася, што муж — падазраваны ў крымінальнай справе паводле артыкулу 293 (частка 1) з тэрмінам пазбаўлення волі ад 5 да 15 гадоў, — расказала жанчына. — Ад выпадковых людзей, уяўляеце? Пачаткова допыт вялі бяз права на адваката і вестку для сваякоў. Колькі яшчэ дзён прайшло б, каб я бяздзейна чакала афіцыйнай інфармацыі, — можна толькі здагадвацца».
За альтэрнатыўную пазіцыю даюць больш, чым за забойства
Паводле звестак абаронцаў, Юрыя Савіцкага перавезлі ў СІЗА Жодзіна. Афіцыйнай інфармацыі пра выстаўленыя супраць яго абвінавачанні Кацярына не атрымала дагэтуль, хоць ад затрымання мінула ўжо больш за тыдзень.
«Мой муж — не злачынца, — канстатуе Кацярына Савіцкая. — Ён адкрыты і добры чалавек, надзейны сябар, любячы тата і каменная апора ўсёй нашай сям’і».
Юры Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, а ў дзень выбараў пайшоў з сябрамі на мітынг супраць фальсыфікацыі выбараў. Гэтага было дастаткова, каб «прышыць» яму крымінальнае злачынства, не хавае абурэння супруга.
«Так, ён быў сябрам ініцыятыўнай групы, збіраў подпісы за Віктара Бабарыку. Так, ён абмяркоўваў з сябрамі перадвыбарную кампанію, рабіў рэпосты ў сацыяльных сетках. Так, ён прысутнічаў на мітынгу супраць фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня. Але гэта не робіць яго крымінальным злачынцам!» — гаворыць Кацярына.
З плакатам «Мой муж — не злачынца, а яму пагражае 5-15 гадоў за грамадзянскую пазіцыю» днямі Кацярына прыйшла да будынку Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта афіцыйная прапаганда ўводзіць у зман электарат, што на акцыі выходзяць «адмарозкі», якія прагнуць «крывавага перавароту». Насамрэч гэта ўлада паводзіць сябе па-бандыцку, хапаючы і збіваючы мірных людзей, а затым падводзячы іх пад нічым не абгрунтаваныя крымінальныя артыкулы, перакананая яна.
Трапіць у РУУС і застацца незбітым было амаль нерэальна
Паводле суразмоўніцы, тэрмін затрымання мужу падоўжылі на 10 сутак, цяпер ідзе праца з адвакатам. Відавочных вонкавых пашкоджанняў ці раненняў нібыта няма, хоць вызваленыя мужчыны казалі, што ў Заводскім РУУС усім перапала «па поўнай».
Кожны пражыты дзень Кацярына Савіцкая задаецца пытаннямі, на якія не можа знайсці ўцямных адказаў.
«Чаму за альтэрнатыўную грамадзянскую пазыцыю судзяць нават стражэй, чым за забойствы? Чаму людзей выкрадаюць з вуліц, офісаў, кватэраў без паказу службовых пасведчанняў і не тлумачачы прычынаў затрымання? Чаму трымаюць больш за 72 гадзіны без апавяшчэння сваякоў? Як такое магчыма ў краіне, якая называе сябе «дэмакратычнай»? — падсумоўвае Кацярына.
Кацярына кажа, што скаргі на абскарджванне пакуль не падавалі. З аднаго боку, не да канца зразумелая сітуацыя: адвакат падпісаў распіску аб неразгалошанні, і пра інкрымінаваную частку 1 артыкулу 293 паведамлена негалосна. З іншага боку, спадзявацца на справядлівасць ва ўмовах «закальцаванай сістэмы», дзе адно ведамства пакрывае іншае, не мае сэнсу.
Згодна з дадзенымі некаторых праваабарончых арганізацыяў, лёс некалькіх дзясяткаў чалавек, схопленых ад пачатку пратэстных акцыяў, дагэтуль невядомы. Ёсць небеспадстаўная асьцярога, што інфармацыю наўмысна хаваюць, бо некаторыя з іх могуць быць моцна збітыя ці пакалечаныя.