Занясі хамяка на карту. АПБ запусціла народны перапіс супегрызуноў

Ахова птушак Бацькаўшчыны стварыла народную анлайн-карту, на якой збірае дадзеныя аб мясцінах, дзе жывуць супергрызуны Беларусі.

hamyak2_shutterstock_800.jpg

Занесці на яе месцы назіранняў дзікіх хамякоў, рабых суслікаў і палятух можа кожны жыхар краіны.
«Збор інфармацыі ад мясцовых жыхароў пра сустрэчы з хамяком, суслікам або вавёркай-палятухай — гэта вельмі важная частка нашай экаініцыятывы. На сёння мы атрымалі некалькі дзясяткаў паведамленняў пра ўсе тры праектныя віды. Некаторыя з іх пацвердзіліся і істотна змянілі ўяўленне спецыялістаў пра сучасны арэал, — кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Частку інфармацыі яшчэ трэба будзе праверыць гэтай вясной. А інтэрактыўная карта — гэта яшчэ адзін спосаб паведаміць заолагам аб сустрэчах рэдкіх звяркоў і дапамагчы ў справе захавання відаў, якія знікаюць. На карце пазначаныя гістарычныя арэалы пражывання супергрызуноў, але гэтыя віды могуць быць выяўленыя і ў іншых раёнах. Так, у АПБ ужо паступілі паведамленні з факталагічным матэрыялам, які пацвярджае прысутнасць палятухі ў Аршанскім раёне, сусліка ў Стаўбцоўскім раёне, хамяка ў Бярозаўскім раёне».
Усе гэтыя грызуны ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Летась удалося знайсці месцы пражывання суслікаў і палятух, але не хамякоў.
Пры даданні на анлайн-карту свайго назірання трэба пазначыць сваё імя і тэлефон, каб з табой мог звязацца спецыяліст і ўдакладніць дэталі. Таксама ёсць опцыя дадаць фота да свайго паведамлення.

chamiak_2.jpg

Як знайсці месцы пражывання супергрызуноў?

У 2020 годзе фокус на хамяка! Хамяк звычайны — адносна буйны грызун, даўжынёй у траціну метра і масай да паўкіло. Жыве на сяльгаспалях, ля дарог, на ўзлесках, у садах, агародах у норах з некалькімі выхадамі на паверхню. Вядзе адзіночны лад жыцця, актыўны на змярканні і ноччу, таму ўбачыць хамяка складана. З лістапада па сакавік-красавік у хамякоў спячка.
Знайсці хамяка можна па характэрных норах з дыяметрам уваходу да 10 см. Перад спадзістым уваходам хамяк выкідвае шмат зямлі. Каля вертыкальных нор выкідаў зямлі звычайна няма.
Спампаваць прэзентацыю пра хамяка
Рабы суслік жыве калоніямі на лугах з невысокай травой. Актыўны ў светлы час, але асабліва раніцай і бліжэй да вечара. Упадае ў спячку звычайна з кастрычніка па сакавік.
Месца паселішча суслікаў знаходзяць па характэрных норах. Каля часовых нор (дыяметр 5,5 см) заўсёды ёсць пагорак выкінутай зямлі, пакуль суслік іх паглыбляе. Ад нары разыходзяцца добра прыкметныя сцяжынкі. На калоніі вартаўнікі, устаўшы слупком, пільна аглядаюць наваколле. Каля калоніі днём часам чутны ціхі свіст звяркоў.
Спампаваць прэзентацыю пра сусліка
Палятухі – начныя асцярожныя звяркі, таму ўбачыць іх складана. Яны жывуць у асноўным у старых яловых лясах з асінай, вольхай і бярозай. Лягчэй за ўсё знайсці месца, дзе жыве палятуха, па характэрным памёце ярка-жоўтага колеру, даўжынёй 5-7 мм. Памёт трэба шукаць ля камлёў дрэў ранняй вясной, пакуль не з’явілася трава.
Спампаваць прэзентацыю пра палятуху
Каб захаваць месцы іх пражывання, у 2019 годзе АПБ пачала экалагічную ініцыятыву «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!». Яна праходзіць у межах праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Ініцыятыва ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем «Неруш» і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.
Паводле Зялёнага партала