Запаліце сёння знічку ў памяць пра герояў «Нябеснай сотні»

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай звярнуўся да беларусаў і ўкраінцаў з нагоды трэцяй гадавіны гібелі герояў «Нябеснай сотні»

Нябесная сотня, фота unian

Нябесная сотня, фота unian


«У гэтыя дні грамадская ініцыятыва «Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай», як і славуты ўкраінскі народ, са смуткам узгадвае трэцюю гадавіну расстрэлу прыхільнікаў Майдана. Разам з людзьмі добрай волі з усяго свету мы адзначаем 20 лютага, абвешчаны ў Украіне Днём Жалобы, Днём Памяці Герояў Нябеснай Сотні», — адзначаецца ў звароце.
«Мы схіляем галовы, аддаючы даніну памяці ўсім загінуўшым, якія абаранялі свабоду і дэмакратыю ў украінскай дзяржаве, выказваем шчырыя спачуванні іх родным ды блізкім.
Як і тры гады таму, калі ўкраінцы здзяйснялі славутую Рэвалюцыю годнасці, мы з болем у сэрцы зноў звяртаемся да вас, каб выказаць глыбокую павагу вашым смеласці ды гераізму. Ваша барацьба нікога з нас не пакінула абыякавым, мы перажывалі, плакалі, маліліся. Сотні беларусаў былі побач з украінцамі на Майдане, шмат хто ваюе і сёння супраць імперскай агрэсіі, за незалежнасць Украіны.
Важна разумець, што ўкраінскі народ абараняе цяпер не толькі сваю дэмакратычную дзяржаўнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, але і суверэнітэт Беларусі ды іншых дзяржаў рэгіёну. Відавочна, што еўрапейская сістэма бяспекі пад пагрозай, ні адна дзяржава не можа быць цалкам ізаляванай ад магчымага эканамічнага ціску, інфармацыйнай вайны, агрэсіі гібрыднага тыпу або прамога ваеннага ўварвання з боку рэакцыйных, праімперскіх сіл.
Таму толькі ў адзінстве і салідарнасці наша сіла, баронячы сёння Украіну, мы баронім і Беларусь. Толькі разам мы зможам супрацьстаяць імперскаму рэваншызму, што вераломна топча ўсе нормы міжнароднага права.Мы заклікаем усіх і кожнага беларусаў: ушануйце памяць загінуўшых на Майдане, у тым ліку беларусаў Міхаіла Жызнеўскага, Алеся Чаркашына, выкажыце падтрымку украінскаму народу — 20 лютага запаліце знічку ў памяць Герояў Нябеснай Сотні, памаліцеся за Украіну, за Беларусь.
Мы жадаем ўкраінскаму народу мудрасці, беспамылковага выбару мэтаў і лідараў для далейшага станаўлення і ўмацавання сваёй дэмакратычнай дзяржаўнасці.
Мы запэўніваем украінскіх братоў ды сясцёр, што мы і надалей будзем вас салідарна падтрымліваць ў вашай справядлівай, вялікай справе!».
Грамадская ініцыятыва таксама запрасіла ўсіх на вечарыну салідарнасці з Украінай «Памяці Герояў Нябеснай Сотні», якая адбудзецца 22 лютага па адрасу: г.Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3. Пачатак а 18 гадзіне.