Запрашаем кандыдатаў

На канферэнцыю дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны запросяць усіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Такое рашэнне было прынятае 15 чэрвеня на пасяджэнне Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

У пасяджэнні прынялі ўдзел рэгіянальныя прадстаўнікі асноўных палітычных партый, Асамблеі недзяржаўных арганізацый Магілёўшчыны, руху «За свабоду», незалежных прафсаюзаў і рэгіянальных кааліцый Магілёўскай вобласці.

На канферэнцыю дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны запросяць усіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Такое рашэнне было прынятае 15 чэрвеня на пасяджэнне Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.
У пасяджэнні прынялі ўдзел рэгіянальныя прадстаўнікі асноўных палітычных партый, Асамблеі недзяржаўных арганізацый Магілёўшчыны, руху «За свабоду», незалежных прафсаюзаў і рэгіянальных кааліцый Магілёўскай вобласці.
Пасля працяглай дыскусіі Каардынацыйная рада вырашыла склікаць 10–11 ліпеня гэтага года Магілёўскую абласную канферэнцыю дэмакратычных сіл. Удзел у канферэнцыі прымуць кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, якія здолелі дайсці да рэгістрацыі, сябры Каардынацыйнай рады і па аднаму дэлегату ад кожнага суб’екта кааліцыі дэмакратычных сіл.
Таксама створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы Магілёўскай абласной канферэнцыі дэмакратычных сіл, у склад якога ўвайшлі пяць чалавек. Гэта вядомыя на Магілёўшчыны актывісты дэмакратычнага руху: Галіна Лісіцына, Рыгор Кастусёў, Юрый Новікаў, Аляксандр Сілкоў і Уладзімір Шанцаў.
Сябры Каардынацыйнай рады вырашылі накіраваць запрашэнні ўсім патэнцыйным кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад дэмакратычных сіл прыняць удзел у канферэнцыі. Патэнцыйным кандыдатам будзе прадастаўлена магчымасць выступіць перад дэлегатамі канферэнцыі і выкласці сваё бачанне стратэгіі і тактыкі дзеянняў падчас прэзідэнцкай кампаніі.
«Асноўнае пытанне, якое мы павінны разгледзець на канферэнцыі, — лічыць намеснік старшыні Каардынацыйнай рады Юрый Новікаў, — гэта вынікі нашай працы за мінулы перыяд і, асабліва, падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Аднак не менш важна даведацца і пра праграмы дзейнасці мяркуемых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. За апошні час рознымі структурамі і самастойна вылучылася столькі патэнцыйных прэтэндэнтаў, што нават дасведчаныя дэмакратычныя актывісты знаходзяцца ў пэўнай разгубленасці. Таму запросім іх усіх, каб паслухаць і зрабіць пэўныя высновы. Магчыма, што прапануем ім неяк дамовіцца паміж сабой, бо ўсе разумеюць, што без аб’яднання намаганняў дэмакратычных сіл ніякіх добрых вынікаў падчас правядзення выбарчай прэзідэнцкай кампаніі дасягнуць не атрымаецца».
На пасяджэнні была прынята да ведама заява Горацкай кааліцыі дэмакратычных сіл, якую агучыў Эдуард Брокараў. Горацкія актывісты перакананыя, што толькі адзінства дэмакратычных сіл дазволіць паспяхова правесці выбарчую кампанію дэмакратычнага кандыдата. Яны лічаць недапушчальнай сітуацыю, калі дэмакратычныя кандыдаты вылучаюцца паасобку, і ў выпадку падобнага вылучэння пакідаюць за сабой права праігнараваць прэзідэнцкую кампанію.