Заснавальнік Petitions.by атрымаў 15 сутак арышту
Заснавальнік праектаў «Зручны горад» (рetitions.by) і «Кошт урада», эксперт Уладзімір Кавалкін атрымаў 15 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Кавалкіна затрымалі каля яго дома ўвечары 10 кастрычніка і змясцілі ў ізалятар. Там ён сустрэў свой дзень нараджэння, які быў у нядзелю.
Як распавёў калега Кавалкіна па Школе маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Сяргей Прохараў, які прысутнічаў у судзе, Уладзімір быў затрыманы выпадкова. Ён вяртаўся дадому і спыніўся, каб адправіць паведамленне. Як потым высветлілася, як раз у гэты час і ў гэтым месцы была анансаваная лакальная акцыя.
«Актыўных удзельнікаў у гэтых краях не назіралася, затое назіраўся дзясятак “захавальнікаў парадку”. Паколькі пратэстоўцаў на месцы не аказалася, пад раздачу трапіў самотны Кавалкін, якога аператыўна даставілі ў мясцовае РУУС. Характэрна, што ў гэты дзень ён стаў адзіным наведвальнікам гэтай установы. Але ўсё гэта не перашкодзіла пэўным грамадзянам паказаць на працэсе на тое, што самотны мужчына актыўна ўдзельнічаў у шматлюдным маршы, крычаў “Жыве Беларусь!” і “Сыходзь!”», — распавёў Прохараў ў Facebook.
Паводле яго слоў, хадайніцтвы адваката аб апытанні сведак і запыце дадзеных мабільнага аператара былі адхіленыя, і рашэнне аб арышце на 15 сутак суддзя вынес адразу ж, не выдаляючыся для абмеркавання.
Petitions.by Кавалкіна на сёння з’яўляецца асноўным сэрвісам для падачы публічных калектыўных зваротаў да органаў улады. Кавалкін таксама з’яўляецца заснавальнікам праекта «Кошт урада», які дапамагае даведацца, адкуль бяруцца і як трацяцца грошы ў бюджэце Беларусі.
Паводле REFORM.by