Затрымалі чэмпіёнку Еўропы па муай-тай Аляксандру Сітнікаву (абноўлена)
У Мінску 13 кастрычніка затрымалі 24-гадовую Аляксандру Сітнікаву — шматразовую чэмпіёнку Беларусі па тайскім боксе і К1, трохразовую бронзавую прызёрку чэмпіянатаў Еўропы па муайтай.
Як паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці, дзяўчыну даставілі ў Цэнтральны РУУС. 14 кастрычніка над ёй адбыўся суд. Сітнікава атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычым, невядома, за што яе судзілі і калі яна «здзейсніла правапарушэнне».
У сваім акаўнце ў Instagram спартоўка пісала: «Я неверагодна ганаруся нашымі людзьмі! Яны мудрыя, моцныя і неверагодна добрыя, столькі ўзаемадапамогі і ўсё так культурна. І ўсё гэта нягледзячы на страшную жорсткасць з боку ўрада! Жыве Беларусь!».
Нагадаем, 13 кастрычніка на 15 сутак быў асуджаны шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, вядомы трэнер Юрый Булат — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ён адбывае арышт на Акрэсціна, адваката да яго не пускаюць, спасылаючыся на «складаную эпідэміялагічную сітуацыю».
Паводле Еўрарадыё