Затрымалі мінчука, які пагражаў забіць Прыдыбайлу, але і на «хіміі» працягнуў «распаўсюд экстрэмізму»
У Гродне пасярод вуліцы затрымалі Святаслава Лепешава — мінчука, які адбывае пакаранне ў гродзенскай ПУАТ № 24.

49-гадовага мінчука Святаслава Лепешава асудзілі яшчэ 12 жніўня мінулага года па ч. 1 арт. 130 КК "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні" і арт. 186 КК "пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці".
Мінскі гарадскі суд асудзіў яго да чатырох гадоў "хіміі" за пагрозу забойствам расійскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК).
Згодна матэрыялам з праўладных тэлеграм-каналаў, будучы на "хіміі", мужчына распаўсюдзіў у Facebook экстрэмісцкія матэрыялы. Нібыта на “відэа з палону” ён прызнаў віну ў гэтым і раскаяўся.

Нагадаем, Святаслава Лепешава прысудзілі да чатырох гадоў "хіміі" за тое, што, паводле версіі абвінавачвання, ён каля 21:29 14 верасня 2020 года, "маючы намер на пагрозы забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў", патэлефанаваў пацярпеламу Канстанціну Прыдыбайлу. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення ў размове з Прыдыбайлам, абвінавачаны выказаў пагрозы, якія Прыдыбайла ўспрыняў як рэальныя, "паколькі Лепешаў валодаў інфармацыяй аб асабістых персанальных даных Прыдыбайлы" (адрас рэгістрацыі, назва ўліковых запісаў у «ВКонтакте» і Telegram) у сувязі з размяшчэннем 13 верасня ў "Чорнай кнізе Беларусі" даных Прыдыбайлы. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 186 Крымінальнага кодэкса.
Таксама Лепешаў, "маючы намер на ўзбуджэнне ў неабмежаванага шырокага кола асобаў нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці", размясціў на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай» паведамленні ў перапісцы з іншымі карыстальнікамі, "якія з'яўляюцца разнавіднасцю пісьмовай мовы, у якой маецца негатыўная ацэнка чалавека і групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце нацыянальнасці ("рускія"), а таксама сацыяльна-псіхалагічная накіраванасць якіх звязана з фарміраваннем у абагульненага і спецыфічнага адрасата негатыўнага стаўлення да групы асоб, аб'яднаных па нацыянальнай прыкмеце ("рускія"), варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі да групы асоб, аб'яднаных па нацыянальнай прыкмеце ("рускія"), з абгрунтаваннем неабходнасці, дэманстрацыяй гатоўнасці і пагрозай прымянення гвалтоўных (агрэсіўных) дзеянняў у дачыненні да названай групы". Такім чынам, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Гэтыя матэрыялы следчыя выявілі 9 лістапада 2020 года, гэта значыць амаль праз два месяцы пасля званка Прыдыбайлу. "Здзяйсненне злачынства па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса" палічылі як абцяжваючае адказнасць па артыкуле 186 КК.