Затрымалі мінчука, які скраў 24 туі з праспекта Пераможцаў
У Мінску затрымалі 44-гадовага мужчыну, які скраў на праспекце Пераможцаў 24 высаджаныя туі. Агульная сума шкоды склала каля 840 рублёў, паведамляе TUT.by са спасылкай на Цэнтральны РУУС Мінска.
Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што пасля таго, як мужчына здзейсніў крадзёж туй, ён прадаў іх на адным з рынкаў сталіцы.
У дачыненні да 44-гадовага мінчука завялі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтай частцы артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.
Раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічнае парушэнне. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.
Заяву ў міліцыю аб крадзяжы 24 туй напісалі прадстаўнікі «Мінскзелянбуда».
— Кралі нейкія вельмі адчайныя людзі. Як можна не ведаць пра тое, што праспект Пераможцаў праглядаецца з камер, — адзначаў раней начальнік упраўлення "Цэнтр" Сяргей Ражноў.