Затрымалі паэта-пчаляра з-пад Пружан Міколу Папеку
Міколу Папеку вінавацяць у тым, што ладзіў карагод на скрыжаванні галоўных вуліц Брэста. А гэта артыкул 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Мікола Папека быў арыштаваны ранкам панядзелка 30 лістапада ў сябе дома. Пра гэта паведамілі землякі ў сацыяльных сетках. Брэсцкія праваабаронцы паведамляюць, што індывідуальны прадпрымальнік і літаратар змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста. Паводле іхняй інфармацыі, спадару Папеку закідваюць арганізацыю карагоду на скрыжаванні Бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава 13 верасня, які заблакаваў рух транспарту. Сам ён віны не прызнае, патрабуе перакладу дакументаў справы на беларускую мову. Таксама праваабаронцы інфармуюць, што затрыманаму можна накіроўваць лісты і тэлеграмы. З 10-й па 12-ю гадзіну серады 2 снежня магчыма аддаць перадачу прадуктаў харчавання і рэчаў.
Спадар Папека ніколі не хаваў свайго скептычнага і няўхвальнага стаўлення да лукашызму. Разам з тым, ён з’яўляецца адным з падпісантаў звароту Рады Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў да рэгіянальных уладаў, у якім утрымліваецца заклік да дыялогу з пратэстоўцамі на вуліцах ды іншадумцамі.
Міколу Папеку 28 снежня споўніцца 59 гадоў. Ён лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2000 год, за зборнік “Чарнавікі”). Спадар Папека і сам з’яўляецца заснавальнікам унікальнай штогадовай Мядовай (вядро мёду) прэміі. Агулам паэт-пчаляр уручыў лаўрэатам сваёй прэміі 388 кілаграмаў мёду (18 разоў па 16 кілаграмаў). У 2013 годзе прэмія стала міжнароднай – была прысуджана Ніне Горык, паэтцы з памежнай з Берасцейшчынай Валынскай вобласці Украіны. Арышт заснавальніка Мядовай прэміі паставіў пад пытанне яе ўручэнне за 2020 год.