Затрыманы ў Лынтупах ксёндз шэсць дзён правеў за кратамі
Пробашча каталіцкай парафіі ў Лынтупах Аляксандра Барана затрымалі 24 сакавіка. І складалі пратаколы, каб мець магчымасць двойчы трымаць па трое сутак.

На святара склалі
пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Нагодай стала тое, што
ў фота на профілі ў сацсетцы ксёндз 24 лютага размясціў сцяг Украіны і
бел-чырвона-белы сцяг — у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны.
Калі прайшло трое сутак пасля затрымання і па законе святара абавязаны былі або судзіць, або вызваліць, на яго склалі новы пратакол — і такім чынам змаглі падоўжыць арышт яшчэ на тры дні.
На гэты раз Аляксандра Барана абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па артыкуле 19.11 КаАП — за «лайкі» ў 2020 годзе пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі».
Ксёндз не прызнаў сваю віну ні па адным абвінавачанні.
Суд над святаром паводле двух пратаколаў прызначаны на 4 красавіка. Ён пройдзе ў 11.00 у Паставах.