Затрыманых 3 ліпеня ў Менску пачалі адпускаць

З Першамайскага РУУС Менску спачатку былі адпушчаныя праваабаронцы і журналіст Ільля Дабратвор, якіх затрымалі на бульвары Талбухіна, паведамляе Радыё Свабода.

dbc275f2_112d_4dd7_ae64_334e3e83d0e8_w1023_r1_s.jpg

Як распавёў Ільля Дабратвор БелаПАН, папярэдне з іх узялі тлумачэнні. Дабратвор расказаў, што збіраўся рабіць журналісцкі рэпартаж з акцыі, а праваабаронцы заявілі, што яны прыйшлі ў сквер не ўдзельнічаць у акцыі, а назіраць за ёй.
Пасля гэтага ў Першамайскім РУУС заставалася 21 чалавек. На некаторых з іх склалі пратаколы аб правапарушэнні.
Пазней большасьць з іх пачалі адпускаць.
3 ліпеня на бульвары Талбухіна было затрымана каля 30 чалавек. Яны прыйшлі на «Акцыю вызвалення і салідарнасці», якую ініцыяваў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч і якая мелася пачацца ў 13.00. Статкевіч у «Фэйсбуку» заклікаў людзей сабрацца 3 ліпеня ў скверы на бульвары, каб «выказаць сваю салідарнасць з пакаленнем, якое вызваліла свет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленьне краіны ад улады яго прыхільніка».
Несанкцыянаваная акцыя была спыненая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.
Статкевіча затрымалі прыкладна ў 11.30 на выхадзе з дому. Пры такіх жа абставінах быў затрыманы яшчэ адзін апазыцыйны палітык — Вячаслаў Сіўчык.
Жонцы Статкевіча ў міліцыі паведамілі, што да суду яе мужа адправілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Напярэдадні ў Менску былі затрыманыя актыўныя абаронцы Курапатаў Павал Севярынец, Вольга Нікалайчык, Натальля Гарачка і Дзяніс Урбановіч. Севярынца і Нікалайчык асудзілі на 10 сутак арышту.