Затрыманых у Брэсце журналістаў будуць судзіць заўтра
Затрыманых сёння каля поўдня ў Брэсце журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву пратрымалі ў міліцыі каля дзвюх гадзін. Пра гэта Ляўчук паведаміў агенцтву БелаПАН, піша Радыё Свабода.
Журналістаў затрымалі, калі яны выйшлі з хаты і накіраваліся да прыпынку грамадскага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях збіраюцца апаненты будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Як расказаў Ляўчук, затрыманне міліцыянты правялі «даволі жорстка». Паводле яго, яны з'явіліся раптоўна — «падышлі з-за спіны». Леўчуку, паводле яго, «закруцілі рукі і правялі праз увесь раён». Таксама, паведаміў журналіст, яму пагражалі, што складуць пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і ноч ён правядзе ў ізалятары.
У аддзяленні міліцыі журналістаў азнаёмілі з пратаколамі, складзенымі на іх паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі).
Як паведаміў Ляўчук, усяго разам за два дні на іх было складзена пяць пратаколаў, на заўтра прызначаны суд.
Паводле Леўчука, у міліцыі іх пратрымалі дзве гадзіны, да таго часу, пакуль у цэнтры Брэста працягвалася чарговая сустрэча апанентаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. «Відавочна, што ўсё было зроблена, каб мы не патрапілі на сустрэчу праціўнікаў заводу», — лічыць Ляўчук.
Леўчука і Харытонаву рэгулярна штрафуюць за размяшчэнне матэрыялаў на сайце тэлеканалу «Белсат» пра пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Брэстам. У 2018 годзе Леўчука і Харытонаву судзілі шэсць разоў, у новым годзе — двойчы. Агульная сума штрафаў склала амаль 8.000 долараў ЗША.