Затрыманыя супрацоўнікі TUT.by не выйшлі на волю, ім выставілі абвінавачанні
Супрацоўнікі TUT.by, што знаходзяцца ў СІЗА, не выйшлі на волю пасля заканчэння 10-дзённага тэрміну з моманту затрымання. Значыць ім выставілі абвінавачванні, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на TUT.by.
Раней стала вядома, што абвінавачанні выстаўленыя галоўнай бухгалтарцы "ТУТ БАЙ медыя" Анжэле Асад, менеджарцы праекта TAM.BY Дар'і Данілавай і ўдаве Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай.
Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, ім забаронена паведамляць, па якім артыкуле падабаронным выстаўленыя абвінавачанні і на які тэрмін абрана такая мера стрымання. Мяркуецца, што на два месяцы.
Раней за краты трапілі 15 супрацоўнікаў TUT.by. Усе яны прызнаныя палітвязнямі. У ДФР заявілі, што на службовых асобаў ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" пачалі крымінальную справу "за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры".
TUT.by прыняў заяву, у якой ёсць такія словы: "Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб дамагчыся вызвалення ўсіх затрыманых".