Збор сродкаў на выкуп бацькоўскай хаты Караткевіча ў Воршы абвесцяць у верасні

Напрыканцы ліпеня на сайце realt.by з'явілася абвестка аб продажы бацькоўскай хаты Уладзімера Караткевіча ў Воршы. Менавіта ў гэтым доме Караткевіч напісаў сваё славутае «Дзікае паляванне караля Стаха». Аршанскія актывісты прапануюць усёй грамадой выкупіць дом і зрабіць у ім культурніцкую пляцоўку.

Дом Караткевічаў. Фота: realt.by

Дом Караткевічаў. Фота: realt.by


Як нядаўна паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка, “гаспадыня дому разумее важнасць асобы Караткевіча і падтрымлівае ідэю захавання гэтай хаты ў мемарыяльных мэтах”. Але яна жыве ў Адэсе і будзе ў Беларусі толькі ў верасні. Таму абвяшчаць збор сродкаў зараз, без асабістых перамоваў, будзе неабачліва.
“Без яе прысутнасці аформіць продаж немагчыма. На сённяшні дзень яна атрымала цэлы шэраг прапановаў аб набыцці гэтай хаты. Без асабістых перамоваў абвяшчаць збор сродкаў будзе неабачліва – бо ніхто не можа загадаць гаспадыні прадаваць хату нам, а не каму іншаму. Гэта яе права, якое трэба паважаць. Цяпер хата знятая з продажу, бо ўжо ёсць вялікая колькасць прапановаў і гаспадыня не хоча дадатковага ажыятажу”, – паведаміў Глеб Лабадзенка.


“Цяпер працягваем трымаць сувязь з гаспадыняй, аднак да яе прыезду не пачынаем збіраць грошы. Калі ў верасні будзе дасягнутая згода, тады ўжо буду прасіць вас мабілізавацца. Буду трымаць у курсе справаў, калі з'явіцца нейкая новая інфа”, – абяцае Лабадзенка.
Адзначае таксама, што “некаторыя патэнцыйныя купцы хочуць выкупіць гэтую хату пад знос, бо ўчастак знаходзіцца ў добрым месцы ў цэнтры горада”.
Падкрэслівае, што ў “доме Караткевіча, які прадаецца ў Воршы, каштоўная не толькі хата, дзе колькі год пражыў класык, але і хлявок, дзе на падстрэшшы Караткевіч абсталяваў свой першы ўласны кабінет і дзе напісаў "Дзікае паляванне караля Стаха".

На паддашку гэтага хлява Караткевіч пісаў "Дзікае паляванне..."  

На паддашку гэтага хлява Караткевіч пісаў "Дзікае паляванне..."  


Дом стаіць на вуліцы Караткевіча ў Воршы (жылая плошча 31,4 м. кв., хлеў, дзялянка 13 сотак). Прадавец просіць 33 832 рублі (17 тыс. долараў) “з торгам”.
Уласніцай бацькоўскага дому Караткевіча ў Воршы з'яўляецца дачка Юрыя Барабаша – мужа пляменніцы пісьменьніка. Юры Барабаш памёр у 2015 годзе. Тры гады хата стаяла без гаспадара, здавалася ў арэнду.
Зьміцер Міраш, vitebskspring.org