Здарэнні, злачынствы і нараджэнні ў навагоднюю ноч
Колькі дзяцей нарадзілася ў Мінску ў ноч на 1 студзеня, колькі згубілася і якімі сталі першыя ахвяры 2020 года.
Крымінагенная абстаноўка ў цэлым па краіне заставалася досыць спакойнай — зафіксавана менш злачынстваў, чым звычайна, паведамляе тэлеграм-канал «Прэс-сакратар МУС Беларусі». У Крычаве жанчына накінулася з нажом на сужыцеля, а ў Шклоўскім раёне пенсіянер — на жонку. У абодвух выпадках сварку справакаваў алкаголь. Ноччу ў Віцебскай вобласці пры затрыманні 18-гадовы малады чалавек нанёс міліцыянтам нажавыя раненні — праводзіцца праверка.
На жаль, не абышлося без ахвяр на дарогах краіны. У Брэсцкім раёне кіроўца «Аўдзі» здзейсніў сутыкненне з паўпрычэпам, што стаяў на ўзбочыне, і загінуў. У Пінску ў выніку наезду загінула жанчына: яна пераходзіла дарогу па нерэгуляваным пераходзе.
У той жа час у навагоднюю ноч адбылося 10 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару. На пажарах загінулі 5 чалавек, паведамляе МНС.
Таксама падчас святкаванняў Новага года ў Мінску згубіліся двое дзяцей. Абодвух міліцыянеры хутка знайшлі і перадалі бацькам, інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
У навогоднюю ноч на свет з'явіліся маленькія беларусы. У Гарадскім клінічным радзільным доме №2 праз 10 хвілін пасля бою гадзінніка нарадзілася першае ў 2020 годзе дзіця. Гэта быў хлопчык, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» у камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
Таксама ў камітэце адзначылі, што хутчэй за ўсё ён стане першым дзіцем у Беларусі, якое нарадзілася ў 2020 годзе.
Усяго ў навагоднюю ноч у сталіцы нарадзіліся 9 дзяцей: 6 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. З іх трое малых (2 хлопчыка і 1 дзяўчынка) — у 5-й бальніцы. Яшчэ два хлопчыкі — у 2-м радзільным доме. Адзін хлопчык і адна дзяўчынка — у 6-й лякарні, хлопчык — у 1-й клініцы і дзяўчынка — у 3-й бальніцы.