Жыхары Светлагорску просяць кіраўніцтва дзяржавы не будаваць у горадзе завод беленай цэлюлозы

10 тысяч жыхароў Светлагорска і Светлагорскага раёна падпісаліся супраць будаўніцтва ў горадзе завода беленай цэлюлозы. Зварот, пад якім сабраны подпісы, накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў Рэспублікі Беларусь.



8252831b9fce7a49421e622c14ce0f65.jpeg

10 тысяч жыхароў Светлагорска і Светлагорскага раёна падпісаліся супраць будаўніцтва ў горадзе завода беленай цэлюлозы. Зварот, пад якім сабраны подпісы, накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў Рэспублікі Беларусь. “Мы, жыхары горада Светлагорска і Светлагорскага раёна, атмасфернае паветра якога забруджваецца шкоднымі выкідамі ад трох прадпрыемстваў, дзе смяротнасць значна перавышае нараджальнасць, а захворваемасць вышэй, чым па Беларусі, з трывогай ўспрынялі вестку аб будаўніцтве завода сульфатнай беленай цэлюлозы ў непасрэднай блізкасці ад Светлагорска, -- звяртаюцца да кіраўніцтва краіны падпісанты за адмену будаўніцтва прамысловага аб’екту. -- Асцерагаючыся за здароўе і жыцці нашых дзяцей і ўнукаў, і свае, мы рашуча пратэстуем супраць плана будаўніцтва завода беленай цэлюлозы і катэгарычна патрабуем ад Урада Рэспублікі Беларусь адмовіцца ад будаўніцтва гэтага прадпрыемства ў Светлагорску. Пуск гэтага завода непазбежна прывядзе да яшчэ большага пагаршэння якасці атмасфернага паветра і вады ў рацэ Бярэзіна, да яшчэ большага пагаршэння здароўя мясцовага насельніцтва.
Подпісы збіраліся на працягу двух месяцаў мясцовымі жыхарамі. Ініцыятыву па збору подпісаў распачалі пасля таго, як у студзені адбыўся сход жыхароў горада. Тады абсалютная большасць прысутных выказалася катэгарычна супраць будаўніцтва яшчэ аднаго завода хімічнага профілю ў Светлагорску.