Зянон Пазняк: Калі гнілая імперыя на ўсходзе разваліцца канчаткова, чалавецтва ўздыхне з палёгкаю
Каля 50 чалавек узялі ўдзел у санкцыянаваным шэсці і мітынгу памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, які адбыўся 8 лістапада ў Мінску і быў прымеркаваны да дня памяці продкаў "Дзяды". Акцыю традыцыйна арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.
Пасля збору каля палаца культуры "Лошыцкі" дэманстранты прайшлі да Лошыцкага яра, дзе адбыўся мітынг. З-за непагадзі ён доўжыўся паўгадзіны замест заяўленых паўтара
гадзін.
На мітынгу быў зачытаны зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, які знаходзіцца ў эміграцыі.
Кіраўнік партыі звярнуўся да сведчанняў жыхаркі Лошыцы, якія ён запісаў у 80-я гады.
На яго думку, цяпер мы назіраем дэградацыю "гнілой імперыі" на ўсходзе. "Калі яна разваліцца канчаткова, усё чалавецтва ўздыхне з аблягчэннем", —
лічыць палітык.
Намеснік старшыні партыі Юрый Беленькі падзякаваў прысутным за тое, што яны прыйшлі да памятнага знака ў Лошыцы, нягледзячы на дрэннае надвор'е. "У такі дождж у
вас натхнёны настрой, настрой сапраўдных беларусаў, людзей, у якіх ёсць душа і ў якіх ёсць перспектыва", — заявіў Беленькі.
Ён звярнуўся да прысутных з пытаннем, ці з'яўляецца сучасная беларуская ўлада нацыянальнай ці акупацыйнай. "Ці будзе свой урад заліваць краіну алкаголем? Ці будзе свой
урад душыць прадпрымальніцкую ініцыятыву, знішчаць сваю мову? Гэта можа рабіць толькі акупацыйны рэжым", — лічыць намеснік старшыні КХП-БНФ.
Удзельнікі акцыі праспявалі гімн "Магутны Божа" і ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяр сталінскіх рэпрэсій. За шэсцем і мітынгам назіралі сілавікі ў цывільным,
якія здымалі акцыю на відэакамеры.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН