Зянон Пазняк пра мэтазгоднасць Астравецкай АЭС
Астравецкая атамная станцыя будуецца на расейскі крэдыт. Гэтае будаўніцтва беларусы аплочваюць з уласнай кішэні, аднак 50% электраэнергіі, якую гэтая станцыя будзе вырабляць, трэба будзе аддаваць Расеі, — адзначыў у час выступу ў Нью-Ёрку лідар Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазняк.
Палітык таксама прыгадвае, што станцыя будуецца на геалагічным разломе:
— У Беларусі, якая не ёсць сейсмічнай зонай, пэўныя зоны ёсць, дзе землятрусы перыядычна здараюцца. Самая вялікая сейсмічная зона знаходзіцца менавіта тут, пад Астраўцом, у гэтым разломе. У 1908 годзе тут быў землятрус сілай да 7 балаў. Такія землятрусы маюць перыядычнасць у 150 гадоў. Бліжэйшым часам такі землятрус можа адбыцца. Тым не менш, станцыя будуецца менавіта тут.
На думку Зянона Пазняка, гэтых фактаў дастаткова, каб сумнявацца ў эканамічнай мэтазгоднасці Астравецкай атамнай электрастанцыі. Тым больш, заўважае палітык, энергію плануецца прадаваць, аднак невядома, каму гэтая энергія будзе патрэбная.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя