Зміцер Дашкевіч: «Мы пад акупацыяй вайсковай хунты, якая ні перад чым не спыніцца — закону няма»
Цяпер ужо абсалютна відавочна: мы пад акупацыяй вайсковай хунты, якая ні перад чым не спыніцца — закону няма. І словы Лукашэнкі пра тое, што знойдзем кожнага — гэта не метафара, гэта рэальнасць, якая абрынецца на нас, калі мы толькі спынімся.
Адзін хлапак распавядаў мне на арышце, што калі на Акрэсьціна 11 жніўня супрацоўнікі не хацелі выклікаць аднаму 73-гадоваму затрыманаму хуткую, нейкая доктарка заявіла: "Я выклікаю, бо мне тут 23-і 200-ы (труп) не трэба". Другі сукамернік сведчыў, што на трэція суткі, калі ў камерах курчылася ў 5-10 больш людзей за магчымае, а на прадоле і вуліцы кругласуткава чуліся стогны і свіст дубінак — хлопцы пачалі тарабаніць у дзверы і патрабаваць хто вызвалення, хто суду — абы толькі скончыўся гэты жах. Адкрылася кармушка і адзін з чорных папярэдзіў: "Глядзіце, Лука сказаў, што закону няма — сядзіце ціха".
Брутальнае і публічнае забойства Рамана Бандарэнкі дэманструе ўсім, што закону няма. Дый нават, што значыць забойства Рамана і многіх іншых — ні ў кога смяротнай зброяй не стралялі, але людзей катавалі (і аднаму Богу вядома, як доўга) і збівалі да смерці. Жахлівая, шакуючая праўда пра колькасць закатаваных яшчэ адкрыецца нам потым. Але цяпер ужо абсалютна відавочна: мы пад акупацыяй вайсковай хунты, якая ні перад чым не спыніцца — закону няма. І словы Лукашэнкі пра тое, што знойдзем кожнага — гэта не метафара, гэта рэальнасць, якая абрынецца на нас, калі мы толькі спынімся.
Я разумею, што і страшна, і цяжка — я і сам не ўсё магу рабіць, што хацелася б. Але Бог кожнаму дае сваю меру магчымасцяў у змаганні за Праўду. Сёння кожны можа запаліць свечку ў акне, у іншы дзень нехта можа прыйсці на пахаванне героя, які бараніў Бел-Чырвона-Белы сцяг, у наступны нехта здолее сам узняць Сцяг. Толькі не здавайся! Сёння, калі Рамана Бандарэнку абдымаюць прабітыя рукі Таго, хто таксама аддаў Сваё жыццё за людзей, думай над сваёй мерай магчымасьцяў у змаганні за Валадарства Праўды.
facebook.com