Эстонія ў Радзе бяспекі ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт

Эстонія ў Радзе бяспекі ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт і правесці новыя прэзідэнцкія выбары. Абмеркаванне гэтага пытання адбылося ў Радзе бяспекі ААН 11 лістапада з ініцыятывы Эстоніі, Бельгіі, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі, паведамляе «Свабода».

«Эстонія як абраны сябар Рады бяспекі ААН лічыць важным звярнуць увагу на гвалт з боку беларускіх уладаў і паказаць народу Беларусі, што міжнародная супольнасць яго не забыла», — прыводзіць прэс-служба эстонскага Міністэрства замежных спраў словы кіраўніка эстонскага МЗС Урмаса Рэйнсалу.

Пастаянны прадстаўнік Эстоніі пры ААН Свэн Юргенсан нагадаў на пасяджэнні, што «два месяцы таму Эстонія склікала нефармальнае пасяджэнне Рады бяспекі, прысвечанае трывожнай сітуацыі ў Беларусі».

«На жаль, з тых часоў сітуацыя не палепшылася. Наадварот, узмацніўся гвалт, мы чулі пра новыя выпадкі катаванняў, гвалтоўных знікненняў, сексуальнага гвалту і іншых злачынстваў і прыніжэнняў», — сказаў Юргенсан.