Зміцер Паліенка так і не трапіў на спатканне з бацькам

Палітвязень даслаў ліст, у якім распавядае пра ціск і незалежную прэсу ў калоніі.

palienka_21_1_1_1_1_logo.jpg

Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк атрымала ліст ад палітвязня Змітра Паліенкі, які адбывае пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2.
Мы пісалі пра тое, што на 25 верасня ў Паліенкі было запланавана спатканне з бацькам, але адміністрацыя калоніі яго раптам адмяніла. Падставай для гэтага стаў вобшук, падчас якога ў зняволенага забралі рэчы, якія нібыта «не адпавядаюць спісу».
«Шмон» быў. Пазабіралі ўсе дакументы, нататнік, скаргу, лісты, канверты… Шукалі нешта. Потым аддалі. Добра, што ўжо амаль усе лісты з паштоўкамі пераслаў», – піша Зміцер.
Па яго словах, на доўгатэрміновае спатканне з бацькам за ўвесь час ён так і не трапіў.
У калоніі Зміцер стараецца сачыць за навінамі, якія атрымлівае праз незалежныя газеты. Палітвязень падпісаны на «Белгазету» і «Новы Час».
«Дарэчы, «НЧ» цікавая газета. Тут, у лагеры, акрамя мяне, яшчэ нехта выпісвае яе. Аднаму хлопцу паабяцаў, што падпішу на «НЧ» на паўгоддзе’19 г. Тэматычны і сімвалічны падарунак да Новага года, бо, як пісаў Дзядок (Мікалай Дзядок, журналіст «Новага Часу» і сябра Змітра Паліенкі. – НЧ.), гэта – як глыток свабоды».
Палітвязень піша, што зняволеныя вельмі ахвотна чытаюць незалежную прэсу, калі яна да іх трапляе.

p9280712_logo.jpg

Зміцер Паліенка — сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 года ў Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна Мінска адменена адтэрміноўка выканання пакарання, і актывіст быў накіраваны ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Праваабаронцамі Зміцер Паліенка прызнаны палітвязнем. На волю ён павінен выйсці 24 кастрычніка.