Зміцер Паліенка і Наста Гусева збіраюцца пажаніцца ўжо ў лістападзе
Наста Гусева — нявеста былога палітвязня Зміцера Паліенкі распавяла сайту palitviazni.info пра тое, што ўжо ў бліжэйшы час яны збіраюцца «згуляць антывяселле».
“Афіцыйна пабрацца шлюбам мы пакуль не можам, бо Змітру не аддаюць пашпарт”, — патлумачыла Наста.
“1 лістапада Зміцер разам з адвакатам збіраюцца падаваць апеляцыю на прысуд, — кажа Наста Гусева. — Пакуль будзе абскарджванне, пашпарт не вернуць, таму падаць заяву ў ЗАГС мы не зможам. Але, паколькі мы вырашылі як мага хутчэй пажаніцца, то зробім спачатку вяселле, а затым ужо зарэгіструемся афіцыйна”.
Са слоў суразмоўцы, святочнае мерапрыемства яны збіраюцца правесці ў вёсцы, і яно будзе крыху незвычайнае.
“Правядзем вяселле ў анархісцкім стылі, назавём яго “антывяселлем”, — дадае Наста. — Конкурсаў і белых сукенак дакладна не будзе. А запросім толькі самых блізкіх некалькі чалавек, таму ўсё плануем даволі сціпла”.
***
Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 – абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.
Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.
Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год.
У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
palitviazni.info