Змена ўласніка не ратуе помнік дойлідства ў Мазыры

Змена ўласніка пакуль аніяк не ратуе помнік дойлідства нацыянальнага значэння пачатку XX стагоддзя па вуліцы Рыжкова, 11 у горадзе Мазыр (Гомельская вобласць).



mazyr_artykul_1_.jpg

Гаворка ідзе пра занядбаны лёс эклектычнай двухпавярховай камяніцы, густоўна ўпрыгожанай мноствам архітэктурных дэталяў, выкананых з фігурнай абліцовачнай цэглы, і аздобай. Гэты велічны і адначасна вытанчаны асабняк плошчай 1.599 кв.м. прыйшоў ў поўны заняпад, хоць знаходзіўся ва ўласнасці камерцыйнай структуры.

Існуе меркаванне, што гэты будынак, які гараджане называюць “Графскім маёнткам”, з’яўляўся мазырскай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Па іншай версіі, камяніца была ўзведзена для павятовага шпіталю на грошы неабыякавых гараджанаў. Цягам дзесяцігоддзяў у асабняку месціўся шпіталь: спачатку абласны, затым гарадскі і, урэшце, дзіцячы. Апроч таго, шмат год (па сведчаннях гараджанаў, прыкладна да канца 1940-х гадоў) у камяніцы знаходзіўся радзільны дом.

На пачатку лютага прадстаўнікі беларускай грамадскасці, жыхары Мазыра і яго ўраджэнцы прапанавалі мясцовым уладам склікаць пашыраную нараду па ахове гістарычна-культурнай спадчыны горада і ўласна будынку па Рыжкова, 11 з запрашэннем на яе прадстаўнікоў грамадскасці. На  нарадзе прапанавалася разгледзець наступныя пытанні:

1.     Вяртанне помніка ў дзяржаўную ўласнасць і прыцягненні да адказнасці асобаў, па чыёй віне не выконваюцца ахоўныя абавязацельствы адносна гэтай камяніцы.

2.     Неабходныя мерапрыемствы для правядзення тэрміновых кансервацыйных працаў па прадухіленні канчатковага разбурэння асабняку. 

3.     Стварэнні арганізацыйнага камітэту па аднаўленню помніка архітэктуры і вырашэнню яго далейшага лёсу.

Аднак у адказе намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікса Галюка ад 26.02.2015 года нічога не гаворыцца аб адносінах да названай прапановы грамадскасці.

Згодна адказу, з верасня мінулага года ўласнікам будынку па Рыжкова, 11 з’яўляецца прыватная асоба Наталля Вягера. Яна стала ўласнікам камяніцы пасля таго, як на былога ўласніка — ТАА “Булфінч” пастановамі Мазырскага суда ад 13.03.2014 г. і 16.09.2014 г. былі накладзены адміністрацыйныя спагнанні, а за ўвесь мінулы год на “Булфінч” чыноўнікі выпісалі 11 прадпісанняў і накіравалі ў суд 3 пратаколы. Між іншым, апошняе спагнанне Мазырскага суда адносна былога ўласніка будынку датавана 16 верасня 2014 г., гэта значыць, перад самым перапродажам аб’екта новаму ўласніку.

Прыведзеныя факты наводзяць на меркаванне, што перапродаж асабняка прыватнай асобе — гэта схема ўхілення былога ўласніка ад пакарання дзеля захавання ў прыватнай уласнасці гэтага будынку, а не вяртання яго дзяржаве. Такія дзеянні ўсяляюць яшчэ большую трывогу за лёс гэтага помніку архітэктуры.

Разам з тым, у адказе не канкрэтызаваныя ні сутнасць прадпісанняў аб выкананні заканадаўства новаму ўласніку, ні тэрмін выканання гэтых прадпісанняў. Апроч таго, паколькі помнік дойлідства знаходзіцца ў занядбаным стане, нават для правядзення ягонай кансервацыі патрэбныя вялікія сродкі. Аднак з адказу не вынікае, што новы ўласнік асабняку — прыватная асоба — мае такія неабходныя сродкі.    

Будзем спадзявацца, што кіраўніцтва горада ўсе ж такі разгледзіць зварот ад 7 лютага 2015 г. па сутнасці пастаўленых пытанняў і адкажа на новыя пытанні, выкладзеныя ў гэтым артыкуле.