Зніжэнне на 36% сёлета і ў 2,5 разы за апошнія 5 гадоў: беларусы ўсё радзей праходзяць тэхагляд
Беларусы ўсё радзей прыязджаюць на станцыі тэхабслугоўвання, каб паставіць адзнаку аб праходжанні тэхагляду і атрымаць дазвол на допуск да дарожнага руху.
«Па выніках працы за студзень-лістапад 2020 года УП “Белтэхагляд” мяркуе неабходным адзначыць негатыўную тэндэнцыю ў колькасці транспартных сродкаў, якія прадстаўляюцца на дыягнастычныя станцыі для праходжання імі дзяржаўнага тэхнічнага агляду і атрымання дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху», — гаворыцца ў паведамленні «Белтэхагляду», якое цытуе «Інтэрфакс-Захад».
За 11 месяцаў года выдадзена на 36,8% менш дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, чым за аналагічны перыяд 2019-га. Калі ж узяць статыстыку пяцігадовай даўніны, то зніжэнне дасягае 2,5 разы — з больш чым 1,7 млн. у 2015 годзе да 674568 у бягучым.
У «Белтэхаглядзе» адзначаюць, што абавязак правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду замацаваны артыкулам 33 закона «Аб дарожным руху». Акрамя таго, згодна з падпункта 10.3 пункта 10 ПДР, кіроўцу забараняецца ўдзельнічаць у дарожным руху на транспартным сродку, канструкцыя і тэхнічны стан якога не адказваюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд і працэдуру выдачы дазволу на яго допуск да ўдзелу ў дарожным руху.