Жонку застрэленага сілавікамі праграміста Андрэя Зельцэра перавялі на абследаванне ў Навінкі

Марыю Успенскую змясцілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псыхічнага здароўя для праходжання псіхіятрычнай экспертызы. Да таго яе трымалі ў мінскім СІЗА № 1, паведамляе «Свабода».

photo_2021_10_21_14_01_48.jpg

Як паведаміў у сацсетках грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак, упершыню пасля арышту, які адбыўся ў канцы верасня, для жанчыны прынялі перадачу.

«Высветлілася, што Марыю Успенскую некалькі дзён таму перавялі з „Валадаркі“ ў Навінкі. Там зробяць псіхіятрычную экспертызу. Упершыню за ўвесь час арышту атрымалася перадаць ёй прадметы першай неабходнасці», — паведаміў Андрэй Стрыжак.

Па яго словах, спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а пасля і ў СІЗА на Валадарскага адміністрацыі ўстановаў стварылі ўдаве забітага праграміста невыносныя ўмовы:

·        адключылі ацяпленьне ў камеры;

·        адмаўлялі ў прыёме перадач (харчоў, цёплых рэчаў, прадметаў гігіены)

·        беспадстаўна адмовілі ў допуску адваката.

Марыю Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ, які 28 верасня падчас штурму кватэры загінуў у перастрэлцы разам з Андрэем Зельцэрам.

Блізу 200 чалавек, якія асудзілі дзеянні сілавікоў, арыштавалі за абразы службовай асобы праз каментары ў сацсетках, да іх не дапускаюць абаронцаў і не дазваляюць перадаць рэчы. Таксама ў гэтай справе арыштаваны журналіст Генадзь Мажэйка.