Зрабіў заўвагу міліцыянтам — забеглі ў кватэру і моцна збілі
Цяпер яго судзяць. Па версіі следства, малады чалавек кідаў
бутэлькі ў бок міліцыі са свайго акна, пры затрыманні стукнуў міліцыянта нагой
у вока, перадае Радыё Свабода.
АМАП разганяе акцыю пратэсту ў Гомлі 12 жніўня
Па вэрсіі абвінавачанага, ён зрабіў заўвагу міліцыянтам, якія на вуліцы жорстка «круцілі» дзяўчат. За гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў забеглі да яго ў кватэру і моцна збілі.
12 жніўня ў Гомлі праходзіла акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Удзельнікаў акцыі затрымлівалі проста пад вокнамі Сяргея Верашчагіна — ён жыве ў цэнтры гораду.
Малады чалавек убачыў, як міліцыя жорстка абыходзіцца з людзьмі, у тым ліку з дзяўчатамі, і пачаў крычаць на іх з вакна. Міліцыянты ўварваліся да яго ў кватэру, затрымалі і збілі яго — так кажа абвінавачаны.
«Білі, скакалі па галаве, абражалі і смяяліся»
14 жніўня, калі Сяргей быў пад вартай, яго наведала адвакатка. З яе дапамогай малады чалавек трапіў нарэшце ў шпіталь. Мэдыкі зафіксавалі, што ў Сяргея — чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, шматлікія траўмы і гематомы — грудзіны, шыйнага і паяснічнага аддзелу хрыбта.
Абвінавачаны тлумачыць траўмы тым, што яго білі і пры затрыманні, і ў аддзеле. «У цэлым ён атрымаў каля сотні ўдараў», — удакладняла на судзе адвакат.
Абвінавачаны заўважаў, што ў аддзеле яго білі дручкамі тры-чатыры супрацоўнікі па чарзе, скакалі па галаве, абражалі, смяяліся, калі ён плакаў і прасіў ня біць яго.
Крымінальную справу распачалі супраць Сяргея.
Па версіі міліцыі, ён кідаў бутэлькі з вакна, нецэнзурна лаяўся, пры затрыманні паводзіў сябе агрэсіўна. Калі міліцыянты выводзілі яго з кватэры, у пад’ездзе біўся галавой аб сцены і прыступкі, а потым нагой ударыў міліцыянта ў вока.
Наконт затрыманняў у цэнтры гораду міліцыянты ў судзе тлумачылі, што проста размаўлялі з жанчынамі, а абвінавачаны стаў крычаць на іх і абражаць іх. Яны сведчаць у судзе, што ніхто Сяргея ня біў.
У Цэнтральным РАУС ёсць сістэма відэаназірання. Але якраз 12 жніўня яна дала збой, бо «адбылося аварыйнае адключэнне электраэнэргіі». Пра гэта ёсць дакумэнт у справе.
25 лістапада прайшло чарговае паседжанне суду. Сяргей дагэтуль адчувае сябе блага. Калі спрабуе гаварыць пра збіццё, судздзя яго спыняе — маўляў, гэта ня мае дачынення да гэтай справы. Па заяве аб збіцьці Следчы камітэт праводзіць праверку. Вынікаў дагэтуль няма.
«Справа распачатая па надуманых падставах, каб апраўдаць дзеянні міліцыі»
На судзе маці Сяргея Верашчагіна (яна выступала сведкай. — РС) выказалася, што яе сын ня мог, лежачы на падлозе на маленькай цеснай лесвічнай пляцоўцы, у кайданках, некага яшчэ стукнуць нагой.
«Яго паклалі тварам у падлогу, так вынеслі і пацягнулі... Цяпер у сына парушэнне маўлення, я ведаю, як ён размаўляў да затрымання, сыходзіць час, ён губляе зрок...» — са слязьмі кажа маці.
Адвакатка дадае, што калі яна бачыла Сяргея пасля затрымання, «ён не мог ні гаварыць, ні пісаць, ні чытаць — у такім ён быў стане».
Абаронца выказалася, што крымінальная справа распачатая на надуманых падставах, «каб апраўдаць незаконныя дзеянні міліцыянтаў пры затрыманні».
Яна лічыць, што вылучэнне ў асобную вытворчасць эпізоду са збіцьцём яе падабароннага міліцыяй не адпавядае заканадаўству, таму што гэтыя факты звязаныя паміж сабой.
Цяпер у судзе вывучаюцца матэрыялы справы, пасля адбудуцца судовыя спрэчкі.