Журналіст Андрэй Фралоў: «Адчуваў сябе як ў цягніку Гродна — Уладзівасток»

З лідскага ізалятара часовага ўтрымання выйшаў на волю відэааператар-фрылансер Андрэй Фралоў.

photo__1.jpg

Журналіст адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасля таго, як яго 4 траўня затрымалі на выездзе з Бярозаўкі. Супрацоўнікі ДАІ спынілі для праверкі яго мікрааўтобус, паводле іх звестак, машына нібыта знаходзілася «ва ўгоне».
Андрэя Фралова завезлі ў Лідскі РАУС, дзе праз некаторы час ён быў затрыманы на 72 гадзіны. Пасля гэтага ў судзе Лідскага раёна журналіста асудзілі паводле артыкулаў 23.5 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») і 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа») — 30 базавых штрафу і 15 сутак арышту адпаведна.
Пасля суда Андрэя Фралова змясцілі ў мясцовы ІЧУ, дзе палову прызначанага тэрміну зняволення ён прасядзеў адзін.
Пра сваё ўтрыманне за кратамі Андрэй распавядае як пра прыгоду:
— Гэта было як ў дзіўным цягніку «Гродна — Уладзівасток», калі першы тыдзень ты едзеш адзін, а потым пачынаюць падсаджваць пасажыраў. То аднаго, то другога — усяго на суткі. Не даюць ніякіх перадач. Я ведаў, што жонка мне іх перадавала, і бачыў, што ў ІЧУ іх атрымлівалі, але на рукі нічога не атрымаў. Кажу: «Перадайце мне сок, што перадала жонка». Кантралёр адказвае: «Не паложана», — і сыходзіць. За ўвесь час знаходжання за кратамі перадалі толькі ручнік і зубную шчотку з пастай.
Журналіст сем дзён трымаў галадоўку з прычыны ўмоў утрымання ў камеры.
— Палітычным тое «не паложана», гэта «не паложана», матрас забіраюць, сядзець на нарах — «не паложана». Увесь час гучыць савецкая музыка 80-х, — кажа Андрэй Фралоў.
Машына журналіста знаходзіцца ў Лідзе на праверцы, таксама ў яго забралі флэш-карту з відэакамеры, а саму камеру вярнулі.
Пасля «сутак» у Лідзе журналіст вярнуўся дадому ў Гродна. Плануе некалькі дзён адаспацца і вярнуцца да працы.
baj.by