Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш патрабуе распачаць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка
Журналіст лічыць, што ў дзеяннях Азаронка ёсць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 203 Крымінальнага кодэксу («Парушэнне таямніцы ліставання»), перадае «Белсат».
Ільяш патрабуе высветліць, як Азаронак атрымаў скрыншоты асабістага ліставання. Калі яны былі атрыманыя ад праваахоўных органаў, якія арыштавалі тэхніку Ільяша ў межах крымінальнае справы супраць Кацярыны Андрэевай (жонкі Ігара Ільяша, журналісткі «Белсату», затрыманай 15 лістапада і абвінавачанай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. — НЧ.), то тады сілавікоў трэба прыцягнуць да адказнасці за разгалошванне даных папярэдняга следства (ч. 2 арт. 407), бо камп’ютар і тэлефоны Ільяша раней былі вызнаныя «рэчавымі доказамі».
Калі ж сілавікі не перадавалі гэтыя скрыншоты Азаронку, значыць, прапагандыст мог атрымаць доступ да ліставання толькі праз узлом акаўнту Facebook, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 КК («Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі»), — адзначаецца ў заяве.
Ігар Ільяш быў затрыманы 24 лістапада ў Мінску, у яго правялі ператрус, а самога журналіста адправілі на 15 сутак на Акрэсціна.