Журналіст Чудзянцоў застаецца за кратамі. Ягоны сябар папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы
Журналіста абвінавачваюць у сэксуальным гвалце над непаўналетнім, а таксама ў захоўванні і незаконным перамяшчэнні праз мяжу наркатычных рэчываў, нагадвае Радыё Свабода.
21 студзеня скончыўся 2-месячны тэрмін зняволення журналіста Уладзіміра Чудзянцова. Як паведаміў Свабодзе яго адвакат Аляксандр Галіеў, журналіста пакінулі пад вартай.
«Тэрмін арышту працягнуты яшчэ на месяц, — сказаў адвакат. — Іншых навін пакуль няма. Уладзімір пачуваецца нармальна, ён па-ранейшаму пад вартай у Брэсце. Следчыя дзеянні ў гэтым годзе з яго ўдзелам пакуль не праводзіліся. Гэта ўсё, што магу цяпер сказаць».
Па словах адваката, у справе Уладзіміра Чудзянцова прызначылі яшчэ шэраг экспэртыз, следчыя чакаюць іхніх вынікаў.
«Папрасіў палітычнага прытулку»
Раман Пратасевіч, адзін з бліжэйшых сяброў і паплечнікаў Уладзіміра Чудзянцова, неўзабаве пасля затрымання журналіста распачаў кампанію збору сродкаў на аплату паслуг адваката. Як сказаў Пратасевіч Свабодзе, праз нейкі час пасля гэтага ён быў вымушаны з'ехаць з краіны і папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.
«Я пачаў інфармацыйную хвалю ў абарону Уладзіміра, — расказвае Пратасевіч. — Збор грошай таксама каардынаваў, усё ішло праз мяне. І ў некаторы момант пачаў заўважаць нешта дзіўнае. Пачаліся праблемы з сувяззю, каля пад’езду былі незразумелыя аўтамабілі ўвесь час. Усё было досыць падазрона. Аднойчы мне пазваніла маці і сказала, што ў пад’ездзе стаяць невядомыя людзі. І што яны, найхутчэй, чакаюць мяне. Я зразумеў, што гэта не проста так, і вырашыў з'язджаць. З'яжджаў праз Маскву, дабіраўся туды на двух аўтамабілях, выключыўшы загадзя тэлефон».
Дакументы на атрыманне палітычнага прытулку Раман Пратасевіч падаў 22 студзеня. Па словах журналіста, ён не меў дачынення да стварэння фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які апублікаваны на youtube-канале Nехта. Але ён ведаў ад Чудзянцова, што над ім ідзе праца. Таксама Пратасевіч настойвае, што не ўдзельнічаў у працы над тэлеграм-каналам Nехта.
«Я быў вельмі здзіўлены, калі з'явілася гэтая гісторыя з артыкулам 167 у дачыненні да Уладзіміра, — дадае Пратасевіч. — Я даўно ведаю гэтага чалавека. Мы пазнаёміліся, калі мне было 15 гадоў. І калі б ён меў такія схільнасці, то я б дакладна іх заўважыў. Нічога такога не адбывалася, нават жартаў ніякіх не было».
Па словах Рамана Пратасевіча, на дадзены момант збор сродкаў на аплату адваката для Уладзіміра Чудзянцова спынены, сабраная ўся сума — 10 тысяч рублёў. Пры патрэбе Пратасевіч гатовы распачаць новы збор.
Паводле svaboda.org