Журналіст-фрылансер Зміцер Лупач на свабодзе, ён падазраваны па крымінальнай справе
Журналіста-фрылансера Змітра Лупача вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Глыбоцкага РАУС пасля трох сутак зняволення. 8 ліпеня сілавікі затрымалі журналіста ў санаторыі «Пліса», дзе той адпачываў. Перад гэтым зранку прыязджалі да яго дадому. Пасля затрымання міліцыя ў той жа дзень зладзіла ў кватэры журналіста ператрус, забралі мабільны тэлефон.
Падставай для затрымання стала крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні»), распачатая з прычыны відэароліка ў тэлеграм-канале «Глубокое для жизни». У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. Змешчаны відэаролік быў пад нікам «Zmagar BNR».
Як вынікае з дакументаў, якія атрымаў Зміцер Лупач, падазраваным па крымінальнай справе яго зрабіў начальнік Глыбоцкага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік Плікат Сяргей Міхайлавіч: ён пастанавіў затрымаць журналіста і ўтрымліваць у ІЧУ Глыбоцкага РАУС.
Акрамя Змітра Лупача пад так званую «зачыстку», якую праводзілі сілавікі ў Глыбокім і наваколлі, трапілі некалькі грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага. Пяцёра з іх адседзелі ў ІЧУ 72 гадзіны, сярод іх — адна жанчына.
baj.by