Журналіст раёнкі схадзіў на канцэрт Вольскага і застаўся без працы

З 30 верасня аддзел сельскага жыцця рэчыцкай раённай газеты «Дняпровец» застаўся без рэдактара. Былы ўжо супрацоўнік раёнкі Андрэй Мядзведзеў сцвярджае, што звольнены па палітычных матывах.

14689860_1793562927558306_82423766_o.jpg


Матываў, на думку Мядзведзева, было тры: наведванне ў футболцы з «Пагоняй» канцэрту Лявона Вольскага ў Гомелі, пост у сацыяльных сетках пра сумесны парад Чырвонай Арміі і Вермахта ў 1939 годзе і нежаданне прагаласаваць на парламенцкіх выбарах.
«Цярпенне галоўнага рэдактара скончылася, і мне ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана напісаць заяву на звальненне», — піша ў Facebook Андрэй Мядзведзеў.


Галоўны рэдактар «Дняпроўца» Ігар Сяргееў сцвярджае, што ў яго не было ніякіх канфліктаў з рэдактарам аддзелу сельскага жыцця, і той сам напісаў заяву на звальненне, развіталіся наймальнік з супрацоўнікам па згодзе бакоў.
«Вось у мяне яго заява. Прычын ён не тлумачыў. Прычым тут канцэрт Вольскага? Першы раз чую, што ён быў на канцэрце. Ды і гэта ж не злачынства, мы пісалі ў нас на сайце, што адбудзецца канцэрт Вольскага. Здаецца, была такая інфармацыя ў нас на сайце», — патлумачыў Ігар Сяргееў карэспандэнту Naviny.by.
Дарэчы, інфармацыі пра канцэрт Вольскага на сайце «Дняпроўца» мы не знайшлі. Але, можа, дрэнна шукалі.
Пра ўдзел ці адмову галасаваць галоўны рэдактар таксама, па яго словах, не ведае.
«Адкуль я ведаю, ці хадзіў ён галасаваць, я нават не ведаю, на якім ён участку. Гэта яго не першая заява, раней яшчэ пісаў, я яму казаў: падумай, Андрэй. Ну ладна, працаваў і працаваў, а зараз прынёс заяву, у нас жа не прыгоннае права. Мы яго вучылі, завочна ў БДУ, рыхтавалі, спадзяваліся на яго, хацелі, каб узначаліў аддзел. Не было ў нас канфліктаў. Сам звольніўся. Ну, бог яму суддзя», — дадаў галоўны рэдактар.
Тым часам Андрэй Мядзведзеў адчувае нават палёгку ад таго, што страціў працу.
«Нарэшце мінула патрэба жыць азіраючыся. Азіраючыся на тое, з кім можна павітацца, куды можна пайсці, як можна выказацца на старонках сусветнага павуціння. Амаль сем гадоў працы ў дзяржаўнай газеце, хай сабе і не надта значнай у грамадска-палітычным плане, але, усё ж, дастаткова папулярнай да нядаўняга часу ў Рэчыцы, мясцовай раёнцы — гэта, канешне, і даволі важкі досвед, і ў той жа час вельмі двухсэнсоўнае самаадчуванне», — падзяліўся журналіст.
Ён адзначае, што за гэтыя сем гадоў не займаўся ніякай прапагандаю, хіба што даводзілася перадаваць нязграбныя выразы нашых уладных чыноўнікаў больш чытабельнай моваю.
Андрэй Мядзведзеў узгадвае, што на пачатку сваёй дзейнасці ён нават умудраўся прапіхнуць на дзяржаўныя газетныя палосы тэмы, якія яго хвалявалі: стан роднай мовы, беларускамоўнай адукацыі, некаторыя праблемныя пытанні мясцовых жыхароў, якія выліваліся ў крытычныя артыкулы.
«Зрэшты, я быў адзіным журналістам «Дняпроўца», які пісаў па-беларуску і не даваў канчаткова знікнуць з раённай медыяпрасторы нашай мове», — дадае журналіст.
Па яго словах, першым званочкам, які прымусіў «шэфа» навастрыць вушы ў яго бок, быў рэпартаж з чарговага святкавання ў Гарошкаве народзінаў Анатоля Сыса са згадкай у артыкуле сябра Саюза «нячэсных» пісьменнікаў Анатоля Вярцінскага.
«На свяце я, не спытаўшыся найвышэйшага дазволу ў начальніка, пабыў і рэпартаж пра яго напісаў, і сам, зноў жа, не спытаўшы ў галоўнага рэдактара, паставіў на паласу, не бачачы ў ім аніякае палітыкі (яе там і сапраўды мог угледзець толькі чалавек з паранояй, бо літаральна праз два тыдні верш Вярцінскага задалі ў школе вучыць на памяць маёй дачушцы ў поўнай адпаведнасці са школьнай праграмай)... У выніку паласа з літаратурнай старонкай была знявечана злосным перакрэсленнем матэрыялу пра Анатоля Сыса (ажно дзірка ў паперы прадралася шэфавай асадкаю), і замест яе я (не без пэўнага сэнсу!) паставіў допіс мясцовай санстанцыі з назваю нешта кшталту «Бешенство: профилактика и лечение», — піша ў Facebook журналіст.
Чарнавік той газетнай паласы цяпер перададзены ў хату Анатоля Сыса, і калі небудзь у створаным там музеі стане сведчаннем таго, як «адказныя таварышы» нішчылі ўсялякія парасткі нацыянальнага ў сучаснай Беларусі.
«Потым было яшчэ некалькі інцыдэнтаў. То я не так каментаваў на сайце любімай газеты сцвярджэнне нашага дэпутата Вашкова, што, маўляў, Іван Сусанін для нас — нацыянальны герой, то я не з тым павітаўся на вуліцы, і нехта мяне пабачыў. Кульмінацыяй стаў зварот у рэчыцкі аўтапарк з просьбай вярнуць на шыльды з маршрутамі аўтобусаў нашу мову, якую аўтобуснікі адтуль прыбралі акурат напярэдадні 800-гадовага юбілею Рэчыцы. Тэксты ліставання трапілі на некаторыя рэсурсы, якія могуць размяшчаць матэрыялы, не азіраючыся на ўпраўленні ідэалогіі, а маё прозвішча там выклікала «буру ў шклянцы», дакладней у шэфавым кабінеце, вынікам якой стаў мой «добраахвотны» сыход з пасады адказнага сакратара пасля паўтара года працы на гэтай пасадзе», — распавядае пра акалічнасці працы ў раёнцы былы яе супрацоўнік.
Ён са шкадаваннем канстатуе, што шэраг яго матэрыялаў — журналісцкіх расследаванняў пра мясцовыя праблемы — не прайшлі выканкамаўскую цэнзуру і свет так і не пабачылі.
«Усялякая крытыка апынулася ў газеце пад забаронай. А людзі просяць дапамагчы вырашыць нейкія пытанні. Даводзілася пісаць артыкулы і прапаноўваць тым СМІ, дзе гэта пройдзе. Мяркую, тыя, каму гэта трэба было, паводле стылю цудоўна ідэнтыфікавалі аўтара, не зважаючы на тое, што пад артыкуламі стаяў псеўданім. А шэф потым два тыдні хадзіў задуменны, чухаў патыліцу і ўсё наважваўся выклікаць «на бяседу». Пасля аднае з такіх гутарак давялося напісаць заяву «па ўласным жаданні» без даты. Галоўны вырашыў, што гэткім чынам ён мяне застрашыць. Начальства рэагавала нават на мае каментары і допісы ў сацыяльных сетках. Галоўны рэдактар «Дняпроўца» вырашыў, што мае права рэдагаваць не толькі сваю газету, але і асабістыя старонкі ў сацсетках, асабістае жыццё і нават асабістыя думкі супрацоўнікаў рэдакцыі газеты», — піша Андрэй Мядзведзеў.
«Мой начальнік хацеў, каб я быў звычайным маргіналам, якому дазваляюць зарабляць неблагія па рэчыцкіх мерках грошы на чарку і шкварку, і які павінен быць гэтым задаволены. Але мяне такая роля ані не задавальняла, і таму такі рэпрэсіўны фінал быў, хутчэй за ўсё, непазбежны... У нас створана сістэма, у якой людзі павінны быць толькі нязначнымі шрубкамі, якія выконваюць дакладна вызначаныя ім ролі і не маюць права нават па-за сістэмай рабіць так, як лічаць патрэбным. Я не лічу, што я страціў працу. Я набыў свабоду! А гэта для мяне значна больш каштоўнейшае за крэсла ў кабінеце і аклад», — рэзюмуе журналіст.
Алёна Германовіч, naviny.by