Журналістаў замежных СМІ пазбаўляюць акрэдытацыі

Раніцай 29 жніўня з'явіліся шматлікія паведамленні аб пазбаўленні акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ.

tut.by

tut.by

Затрыманыя напярэдадні ў Мінску журналісты здымачнай групы нямецкага тэлеканала ARD пазбаўленыя акрэдытацыі. Расійскія яе прадстаўнікі будуць дэпартаваныя з Беларусі. На беларускага прадстаўніка складзены пратакол за нібыта ўдзел у масавай акцыі. Ілля Кузняцоў, а таксама грамадзяне Расіі Сяргей Сяргееў і Міхаіл Фамін (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі, як журналісты тэлеканала ARD) былі затрыманыя ў Мінску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусцілі толькі раніцай.
- Склалі пратакол па арт. 23.34 - актыўны ўдзел у масавай акцыі і пазбавілі акрэдытацыі «у мэтах забеспячэння інфармацыйнай бяспекі краіны», - распавёў TUT.BY Ілля Кузняцоў.
Па словах Іллі, яго расейскіх калегаў дэпартуюць з Беларусі з забаронай вяртацца ў краіну на працягу пяці гадоў. Расійскіх журналістаў забраў прадстаўнік расійскай амбасады. Калі адбудзецца суд над Іллёй Кузняцовым, пакуль не вядома.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што з Беларусі дэпартаваны таксама з забаронай уезду на пяць гадоў вядомы шведскі фотакарэспандэнт, пераможца World Press Photo Пол Хансан.
Барыс Гарэцкі паведаміў у фэйсбуку што акрэдытацыі пазбаўлены таксама журналісты ВВС. «Толькі што патэлефанавалі журналісткам ВВС Таццяне Мельнічук і Таццяне Януцевіч. Паведамілі, што рашэннем міжведамаснай камісіі па супрацьдзеянні экстрэмізму іх акрэдытацыі ў МЗС анулююцца з сённяшняга дня», — напісаў Гарэцкі.
У тэлеграм-канале Радыё Свабоды з'явілася паведамленне пра ўласных журналістаў. «Рашэннем Міжведамаснай камісіі ў процідзеянні экстрэмізму карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабоды Алесь Дашчынскі, Алег Груздзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі», — паведаміў канал.
Па апошніх дадзеных, акрэдытацыі таксама пазбавілі фатографаў Васіля Фядосенку з Reuters і Сяргея Гапона з Associated Press, журналістаў Аляксандру Багуслаўскую з Deutsche Welle, Генадзя Шарыпкіна з RFi,  журналіста «Настоящего времени» Рамана Васюковіча, Юрася Карманава і Сяргея Грыца з Associated Press.