Журналістцы, якая пакутуе сур'ёзнымі хваробамі, зноў прадоўжаны тэрмін утрымання пад вартай

Фігурантцы «справы «Прэс-клуба» Ксеніі Луцкінай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 23 чэрвеня, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лепрэтар.

luckina_888.jpg

Паводле яго слоў, стан здароўя падабароннай няважны. «Яе абязбольваюць штодня. Медыцынская дапамога ёй аказваецца такая ж, як і раней», — сказаў Лепрэтар.

Раней адвакат звяртаў увагу следства на тое, што стан здароўя яго падабароннай выклікае трывогу. «Адна справа купіраваць боль, іншая — нешта рабіць з яе крыніцай. Безумоўна, неабходна кваліфікаваная медыцынская дапамога, якую яна атрымлівала на волі. На пачатак гэтага года ў яе былі запланаваны медыцынскія абследаванні, якія немагчымыя ва ўмовах ўтрымання пад вартай», — адзначаў Лепрэтар.

На яго думку, медыцынскай дапамогі, якая аказваецца яго падабароннай ва ўмовах СІЗА, недастаткова. Усе гэтыя абставіны адвакат яшчэ ў лютым агучваў у хадайніцтве аб змене Луцкінай меры стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

«У Ксеніі Алегаўны дастаткова сур'ёзныя захворванні, і прамаруджванне можа пагражаць сур'ёзнымі наступствамі для яе здароўя», — заяўляў Лепрэтар.

Ксенія Луцкіна — член асноўнага складу Каардынацый Рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам «альтэрнатыўнага тэлебачання» на YouTube, стаўленне да якога мела Акадэмія «Прэс-клуба». Луцкіна была затрыманая 22 снежня 2020 года. У той дзень ператрусы прайшлі ў офісе «Прэс-клуба» і дома ў некаторых супрацоўнікаў.

Акрамя Луцкінай былі затрыманыя заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, дырэктар Сяргей Альшэўскі і праграмны дырэктар Ала Шарко, праграмны дырэктар Акадэміі «Прэс-клуба» Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай).

31 снежня Слуцкай, Альшэўскаму, Слуцкаму і Луцкінай былі прад'яўленыя абвінавачванні, Якупава, у якога расійскае грамадзянства, дэпартавалі ў Расію без прад'яўлення абвінавачвання. Слуцкую абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага — у саўдзеле. У пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 110 тыс. рублёў як «забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды».

Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клуба» палітвязнямі.