Зварот

Напрыканцы лістапада адбылося гадавое пасяджэнне Рады Таварыства беларускай мовы.

Напрыканцы лістапада адбылося гадавое пасяджэнне Рады Таварыства беларускай мовы.
Кола пытанняў, можна сказаць, было традыцыйным. Прысутныя праслухалі справаздачныя даклады пра дзейнасць за 2010 год Старшыні ТБМ Алега Трусава і яго намесніцы Алены Анісім. Але былі і пытанні, якія выклікалі жывыя спрэчкі. Прыкладам, пра Зварот Рады ТБМ да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу пра неабходнасць адраджэння роднай мовы. Было заўважана, што ўдзельнікі папярэдніх сходаў упарта пазбягалі ўжывання беларускага слова. Праўда, некаторыя ўдзельнікі пасяджэння Рады ТБМ выказалі меркаванне, што гэта робіцца адмыслова, проста каб не паганіць беларускую мову ў такім месцы. Была складзеная спецыяльная камісія для дапрацоўкі звароту (Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Алена Анісім), які вырашылі ўсё ж такі зрабіць: хоць нейкі канал трансляцыі нармальных думак на народныя масы.
У выніку перавыбараў кіроўных органаў ТБМ адбыліся некаторыя нязначныя змены ў складзе Сакратарыята і рэдкалегіі газеты «Наша слова». У апошнюю дадалі прадстаўнікоў Віцебшчыны і Магілёўшчыны, каб палепшыць працу выдання і інфармацыйнае забеспячэнне.
Яшчэ адным цікавым момантам быў аповед Алены Анісім пра працу па праграме «Дыялог», падтрыманую ў 2010 годзе грантам Амбасады ЗША. У выніку ТБМ папоўніўся значнай колькасцю актыўных маладых людзей, якіх прыцягнулі арганізаваныя ў рамках «Дыялога» інтэлектуальныя дыскусіі. А вынікам зрабілася ідэя стварыць беларускамоўны аналаг «Што? Дзе? Калі?», пра выпуск якога ў эфір напрыканцы года ўжо дамоўлена з БТ.