Жыхара Гомеля з анкалогіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі

Суд Хойніцкага раёну 16 снежня прысудзіў 1 год у калоніі агульнага рэжыму інваліду 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем Аляксею Раманаву за «абразу прэзідэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу), піша Свабода.

d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg


Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны. Аляксея Раманава ўзялі пад варту ў залі суду.
Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу.
У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».
Аляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзідэнта.
«Прэзідэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзідэнтам, ён нелегітымны», — патлумачыў Свабодзе актывіст.
Паседжанне на патрабаванне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калоніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.