Спагнаць маральную шкоду з чыноўнікаў, якія залічваюць да дармаедаў, пакуль не атрымалася
Суд Чыгуначнага раёну Гомеля вынес рашэнне па грамадзянскім пазове Марыі Тарасенкі да «камісіі садзеяння занятасці насельніцтва», піша «Радыё Свабода».

Леанід Судаленка, Марыя Тарасенка, Андрэй Стрыжак у судзе 15 сакавіка 2019 года
Чыноўнікі залічылі яе да дармаедаў, і жанчына спрабавала спагнаць за маральную шкоду. Суддзя Ілля Свірыдаў адмовіў у задавальненні патрабаванняў пазову.
Гэта быў першы сёлета суд у справе «дармаедства». Хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка патрабуе, каб з чыноўнікаў, якія залічылі яе да дармаедаў, спагналі маральную шкоду — 1000 рублёў.
Юрыдычна «дармаедку» ў працэсе падтрымлівалі праваабаронцы Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка.
Рашэнне раённага суду Марыя Тарасенка будзе абскарджваць.
«Пасля азнаямлення з матывавальнай часткай рашэння будзем падаваць скаргу. Гэтым мы хочам прыцягнуць увагу да „дармаедскага“ дэкрэту, бо гэта праблема не Марыі Тарасенкі, а 500 тысяч грамадзян, якіх улада назвала не занятымі ў эканоміцы. Важна паказаць, што ў той рэдакцыі, у якой сёння дзейнічае дэкрэт, ён ня мае права на існаванне», — пракаментаваў Леанід Судаленка.
Ён звярнуў увагу: Марыя Тарасенка ўжо атрымала новы квіток за камунальныя паслугі, і за гарачую ваду мусіць заплаціць у 3,5 раза больш у параўнанні са снежнем 2018 году. «Калі так з восені падаражэюць газ і ацяпленне, то ніякага сямейнага бюджэту не хопіць на аплату камуналкі», — зазначыў праваабаронца.
На ягоную думку, дэкрэт аб «дармаедстве» — гэта інтэрвэнцыя ў прыватнае жыццё, няроўнасць перад законам, дыскрымінацыя і адмова ў правасуддзі (як здарылася з Марыяй Тарасенкай), і ўсё гэта — парушэнне канстытуцыйных правоў.
Пасля таго, як 46-гадовая гамяльчанка даведалася, што яе ўнеслі ў базу «не занятых у эканоміцы», яна звярнулася ў суд з грамадзянскім пазовам супраць камісіі садзеяння занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомеля і камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму.
Марыя Тарасенка сказала, што яе муж мае пастаянны даход, якога хапае на ўтрыманне сям’і. Яна лічыць, што «дармаедскі» дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы, а яе як грамадзянку прыніжае і дыскрэдытуе.
Раней яна прасіла чыноўнікаў выключыць яе з базы, але тыя адмовіліся, што прынесла жанчыне маральныя пакуты — прыніжэнне, страх за будучыню. Паведамленне, што яна «дармаедка», жанчына атрымала ў дзень свайго нараджэння.