Жыхароў «Новай Баравой» пераследуюць за выкрыкванне «пратэставых лозунгаў» з акон сваіх кватэраў

Прэс-служба МУС Беларусі распавяла пра пераслед жыхароў «Новай Баравой» за іншадумства: на дзвюх жанчын склалі адміністратыўныя пратаколы за тое, што яны выкрыкнулі з акна «Жыве Беларусь».

e78a0f1abd0a3c4eb9361cefbbf7f603.jpg

Як адзначаюць у МУС, 7 сакавіка ў Бараўлянскі аддзел міліцыі паведамілі, што «з вокнаў шматкватэрных дамоў у вёсцы Копішча Менскага раёна даносяцца пратэставыя лозунгі».
«Міліцыянты высветлілі, што да парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў датычныя дзве 33-гадовыя жыхаркі дамоў на вуліцах Леанарда да Вінчы і Авіяцыйнай», – кажуць у міліцыі. На жанчын склалі адміністратыўныя пратаколы.
Праваабаронцы ў сваю чаргу паведамляюць, што суд над адной з жанчын ужо адбыўся. Па пратаколу, увечары 7 сакавіка Таццяна Загорац «у 21:03, высунуўшыся з акна, выкрыквала «Жыве Беларусь» з адкрытага акна дома». Кватэра Таццяны знаходзіцца на восьмым паверсе ў адным з дамоў у «Новай Баравой». У РУУСе гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» і на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Сама Таццяна сцвярджае, што ў гэты час яе не было ў кватэры. Суддзя Менскага раёна Новікава пацікавілася, чаму ў такім выпадку менавіта на яе склалі пратакол. Жанчына выказала здагадку, што цікавасць яна выклікала з-за таго, што раней атрымлівала папярэджанне ад міліцыі з-за сняжынак на акне. Суддзя Новікава аштрафавала маму траіх непаўналетніх дзяцей на 870 рублёў (30 базавых велічыняў).
У МУС таксама паведамілі, што сілавікі вылічылі і 34-гадовага менчука, які 17 сакавіка на флагштоку паміж двума дамамі па вуліцы Амеліі Эрхарт павесіў бел-чырвона-белы сцяг. На мужчыну складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Белсат