Жыхару Слоніма не дазволілі правесці пікет на ўласным балконе
Жыхар Слоніма Аркадзь Брайчук вырашыў правесці пікет на ўласным балконе шматпавярховага дома ў выглядзе вывешвання бел-чырвона-белага сцягу, піша «Радыё Рацыя».

Фота: gs.by
Ён звярнуўся ззаявай на правядзенне пікету ў Слонімскі райвыканкам. Але праводзіць пікет на ўласным балконе слонімскія вертыкальшчыкі забаранілі. Аркадзь Брайчук атрымаў адказ за подпісам намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэсы Юшкевіч, якая напісала, што “Вам адмоўлена ў правядзенні дадзенага мерапрыемства”. Прычыну адмовы чыноўніца не патлумачыла.

Фота: gs.by
Нагадаем, на мінулым тыдні палітык Уладзімір Шанцаў атрымаў адказ ад Магілёўскага гарвыканкаму на сваё ўведамленне аб правядзенні пікета на ўласным балконе: вывешванне бел-чырвона-белага сцяга. У лісце напісана, што Шанцаў не выканаў асноўныя патрабаванні Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і таму дазволіць правядзенне пікетавання не ўяўляецца магчымым, бо масавыя мерапрыемствы можна праводзіць толькі ў выдзеленых месцах.
Яшчэ раней у Віцебску Таццяну і Канстанціна Севярынцаў, бацькоў палітыка Паўла Севярынца, пакаралі штрафам за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — на лоджыі ва ўласнай кватэры. Тады Таццяна Севярынец вырашыла на будучыню спытаць дазвол на правядзенне мерапрыемства ў тым жа месцы ў адміністрацыі Першамайскага раёна горада. З адказу, які атрымала актывістка, вынікае, што лоджыя Таццяны Яўгенаўны не з'яўляецца грамадскім месцам, таму дазволу на правядзенне там масавага мерапрыемства не патрабуецца.