Жыхары Гомлю пратэставалі супраць міліцэйскага гвалту
Неабыякавыя жыхары Гомлю выйшлі на пікет супраць дзеянняў міліцыі і ціску на мясцовых апазіцыянераў.

Паводле слоў пікетоўцаў, многія з іх неаднаразова сутыкаліся з гвалтам і неправамернымі дзеяннямі з боку сілавікоў.
Мясцовы актывіст, праваабаронца Павел Главацкі распавёў «Белсату»:
«Сітуацыя з парушэннямі правоў грамадзян катастрафічная! Да мяне звяртаюцца дзясяткі чалавек, якія пацярпелі ад дзеянняў супрацоўнікаў МУС. Супраць мяне асабіста, супрацоўнікі ДАІ складалі пратаколы на падставе хлуслівых звестак, што пацвердзіў нават суд», – кажа гамяльчук.

Удзельнік пікету трымае самаробны плакат
Удзельнікі пікету вывесілі расцяжку са словамі «Закон як дышла». Да таго ж, яны распавядалі праз гукаўзмацняльнік аб канфліктах, што здараліся ў кожнага з іх з міліцыянтамі. На думку пікетоўцаў, праваахоўнікі часцяком «парушалі дзейнае заканадаўства».
Каля будынку аддзелу міліцыі людзі запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам, аднак зваротнай рэакцыі не было.
Наступны пікет гомельскія актывісты плануюць зладзіць 30 снежня каля будынку Гомельскага абласнога суда.
belsat.eu