«10 майстэрняў» — унікальны адукацыйны праект ад галерэі «Ў»
Праект складаецца з 10 аўтарскіх праграм беларускіх мастакоў. Кожная праграма распрацаваная адным з мастакоў і ўключае шасцідзённы закрыты практычны курс і адну публічную сустрэчу з аўтарам.

Фота: Жанна Гладко, у працэсе падрыхтоўкі да выставы «Усё, што цвёрдае, раствараецца ў паветры» (куратар А. Барысёнак), 2015
Восьмы курс адукацыйнага праекта называецца «Быць як "Я". Аўтапартрэт як
спосаб самаідэнтыфікацыі. Катэгорыя Сілы – ідэнтыфікатар у вызначэнні
межаў асобаснай ідэнтычнасці», аўтарам якога з'яўляецца Жанна Гладко.
На працягу 6 дзён удзельнікам будзе прадастаўлена магчымасць папрацаваць сумесна з мастачкай над сваiмi праектамi, выкарыстоўваючы такія медыя, як фатаграфія, відэа. Вынiк дзейнасцi будзе паказаны на прэзентацыi пасля правядзення курсу.
Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: людзі, якія цікавяцца сучасным мастацтвам. Для ўдзелу ў курсе пажадана мець: ноутбук, фотаапарат.
Удзел у майстэрні бясплатны: удзельнікі курса самастойна забяспечваюць неабходныя матэрыялы для працы самой майстэрні альбо рэалізацыі выніковага праекта.
Заяўка на ўдзел у майстэрні Жанны Гладко павінна змяшчаць рэзюмэ і матывацыйны ліст на паўстаронкі. Заяўку дасылаць на адрас: info@ygallery.by з пазнакай «Майстэрня Жанны Гладко».
Дэдлайн 9 лiстапада. Колькасць месц абмежавана.
Месца правядзення курсу – прастора галерэi «Ў», прыблізны час працы: сярэдзiна дня (час працы майстэрні будзе вырашаны, зыходзячы з агульнага графіка ўдзельнікаў).
Пачатак курса – 12 лiстапада.
Жанна Гладко нарадзілася ў Мінску.З 2002 па 2009 атрымлівала мастацкую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра Графікі). З 2010 года пачынае весці актыўную мастацкую дзейнасць, прымае ўдзел у беларускiх i міжнародных выставах. З'яўляецца мастачкай галерэі сучаснага мастацтва «Ў».
Жанна Гладко – прадстаўніца маладога пакалення мастакоў, якая працуе пры дапамозе разнастайных медыя з актуальнымi тэмамi. Усе працы мастачкі праз стратэгію канструявання амбівалентных вобразаў накіраваны на пераасэнсаванне / дэканструкцыю маштабных паняццяў, такіх як гендэрная палітыка і патрыярхат, рэлігія і культура, сістэма мастацтва і грамадства. Пры гэтым Жанна Гладко прафануе і адначасова актуалізуе / узмацняе тэмы, у тым ліку з дапамогай стратэгіі даследавання iх праз прыватны досвед. Пачынаючы з 2011 года мастачка працуе над серыяй аўтапартрэтаў, у якіх рэ-актуалізуе разнастайныя балючыя тэмы, завастраючы iх праблематыку праз разгляд катэгорыі Сілы.

Праект «10 майстэрняў» ажыццяўляецца пры падтрымцы НДА Kulturos Ambasada, Літва.
Паводле прэс-рэлізу