10 самых дарагіх твораў мастацтва ў 2014-ым годзе

Арт-рынак працягвае перажываць бум. У творы мастацтва ўкладваюцца мільярды. Прапануем чытачам паглядзець на дзесяць самых дарагіх аб'ектаў, прададзеных на мастацкіх аўкцыёнах у 2014 годзе. У гэтым спісе ёсць і твор мастака, які паходзіць з Беларусі.

Амадэа Мадыльяні. "Галава"

modiljani.jpg


Італьянскі мастак і скульптар Амедэа Мадыльяні стварыў некалькі скульптур-галоў (''Tête''), якія называў  "стаўпамі пяшчоты". У іх адчуваецца ўплыў моднага тады афрыканскага мастацтва, а таксама настаўніка Мадыльяні, майстра абстрактнай скульптуры Канстанціна Бранкузі. Праца была прададзеная за 70,7 мільёна долараў.

Альберта Джакамеці. "Калясніца"

dhzakometti.jpg

Самай дарагой скульптурай ў 2014 годзе стала праца швейцарца Альберта Джакамеці "Калясніца" ("Сhariot"). Скульптура была створаная ў 1952 годзе, сёлета яна была прададзеная на аўкцыёне Sotheby`s ў Нью-Ёрку за 100,9 мільёна долараў. Аўтар зрабіў некалькі варыянтаў скульптурнай выявы багіні, якая ўзвышаецца над калясніцай, нібы дзіда, але толькі дзве з гэтых скульптур знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

Барнет Ньюман. "Чорны агонь"

njuman.jpg

"Чорны агонь I" ("Black Fire I") — палатно аднаго з заснавальнікаў абстрактнага экспрэсіянізму — змяніла ўладальніка за 84,2 мільёна долараў. Ньюман ў 40 гадоў знішчыў усе свае працы, але за наступныя два з паловай дзесяцігоддзі жыцця напісаў каля 120 карцін. Усе яны звяртаюцца да пяці тэмаў, якія творцвпрызнаў годнымі мастацтва: жыццё, смерць, чалавек, прырода і трагедыя.

Эндзі Уорхал

uorhol.jpg


Адразу дзве працы Эндзі Уорхола прадстаўленыя ў спісе дзесяці самых дарагіх лотаў года: на трэцім месцы — "Трайны Элвіс" ("Triple Elvis", 81,9 мільёна долараў), на сёмым - "Чатыры Марлона" ("Four Marlons", 69, 6 мільёна даляраў). Буйнафарматныя шаўкаграфіі з'яўляліся ўласнасцю федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Іх продаж выклікаў хвалю крытыкі.

Фрэнсіс Бэкан. "Тры эцюды да партрэта Джона Эдвардса"

bekon.jpg

Фрэнсіс Бэкан напісаў партрэт Джона Эдвардса, бармэна ў адным з клубаў Соха, у 1984 годзе, ва ўзросце 75 гадоў. Эдвардс быў позняй платанічнай любоўю мастака. Карціна была прададзеная за 80,8 мільёна долараў. Бэкан цяпер узначальвае спіс самых дарагіх мастакоў свету.

Фрэнсіс Бэкан. "Партрэт Джорджа Дайера, які размаўляе "

fr_bekon.jpg

І яшчэ адзін Бэкан ў рэйтынгу. Герой створанай ў 1966 годзе карціны — Джордж Дайер, натуршчыкаў і палюбоўнік мастака. Бэкан сцвярджаў, што пазнаёміўся з Джорджам, калі той, выхадзец з сацыяльных нізоў, збіраўся абрабаваць яго кватэру. Карціна сышла за 70,4 мільёна долараў. Кошты на працы Бэкана выраслі за апошняе дзесяцігоддзе прыкладна ў дзесяць разоў.

Сай Твомблі. "Без назвы"

tvombli.jpg

Характэрная манера амерыканскага абстракцыяніста Сая Твомблі — гэта хаатычнае перапляценне знакаў, ліній, драпін. Яго карціна 1970 года была прададзеная за 69,6 мільёна долараў. Палатно — буйнафарматнае: прыблізна паўтара на два метры. Такога роду "праграмныя" творы асабліва запатрабаваны арт-рынкам.

Марк Ротка. "Без назвы"

rotko.jpg

Маркус Роткавіч нарадзіўся ў 1903 годзе ў Дзвінску Віцебскай губерні. І праславіўся пасля эміграцыі ў ЗША пад імем Марк Ротка, быў адным са стваральнікаў жывапісу каляровага поля. Ён прыйшоў да высновы, што карціна "пачынаецца не з малюнка, а з колеру". 66,2 мільёна долараў былі выплачаныя за гэтую працу вядучага прадстаўніка абстрактнага экспрэсіянізму.

Эдуард Манэ. "Вясна"

mane.jpg


Эдуард Манэ — адзіны мастак XIX стагоддзя ў рэйтынгу самых дарагіх мастакоў 2014 года. "Вясна" ("Le Printemps") была прададзеная за 65,1 мільёна долараў. Эксперты ўпэўненыя, што бум арт-рынку працягнецца і ў 2015 годзе — у першую чаргу таму, што творы мастацтва з'яўляюцца цяпер вельмі надзейным аб'ектам інвестыцый.

Deutsche Welle