12 снежня назавуць «Герояў году» у беларускай музыцы
Весці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, а пераможцаў абвесцяць уладальнікі мінулай прэміі.
Музычны інтэрнэт-партал Tuzin.fm традыцыйна падводзіць вынікі году ў дзень супадзення магічных лічбаў: «тузін» гэта і ёсць дванаццатка, таму для канцэрту абіраецца дата 12.12. У гэты дзень будуць
абвешчаныя пераможцы ў намінацыях «Адкрыццё году» і «Гурт году». У вялікім канцэрце з гэтай нагоды возьмуць удзел па тры прэтэндэнты ў кожнай з намінацый
– гурт Сяргея Башлыкевіча Leibonik, беларускамоўны індзі-рок гурт Bristeil, заснаваны вакалістам Haire Peace Salon Алегам Вялем, праект Жэні Кучмейны з Іўя
.K і гарадзенскія фолк-панкі Dzieciuki, рамантычны гурт Navi ды чароўная берасцейская каманда Landau адпаведна.
Найлепшых у кожнай з намінацыяў назавуць уладальнікі леташняй прэміі. «Гэта падзея можа стаць нечым падобным да Новага Году для музыкаў. Кропка, ад якой можна азірнуцца і паглядзець,
што ты зрабіў, добра гэта ці не. Я быў вельмі шчаслівы, калі пачуў, што “Героямі 2013 году” стаў гурт Re1ikt. Гэта дае неверагодную падтрымку, зараджае энергіяй
больш чым на год! Я думаю, што прызнанне “Героямі” дапамажа кожнаму музыку рабіць сваю нялёгкую, але добрую справу», – кажа Алесь Дземідзенка, лідар мінулагодніх
«Герояў году». «Калі цябе называюць дэбютам году, табе даюць аванс. Летась дзякуючы прэміі “Тузіна” на нас звярнулі ўвагу музычныя крытыкі і новыя
слухачы. Мне б хацелася, каб мы апраўдалі спадзяванні, якія на нас былі ускладзеныя з гэтай прэміяй», – заўважае Мікіта Найдзёнаў, лідар гурта Hurma.
Акром таго, на канцэрце 12 снежня будуць адзначаныя пераможцы ў намінацыях «Кліп сезону», «Альбом сезону» і «Песня сезону» паводле
галасавання cлухачоў на партале Tuzin.fm у сезоне. З гэтай нагоды з сэтам на прэміі выступіць «Аляксандра і Канстанцін» пашырыным складам. Менавіта іх альбом
«М1» быў прызнаны найлепшым.
Весці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, вядомы сваімі артыкуламі пра стан сучаснай культуры, яскравымі прамовамі, лекцыямі і тэлеперадачамі.
Канцэрт праходзіць пры падтрымцы грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
12 снежня (пятніца). Мінск, клуб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 19:00. Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Landau, Leibonik,
Bristeil,.K, А&К, Dzieciuki, Navi. Квіткі: 120 000 (танцпляц), 150 000 (столік). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93.
tuzin.fm