15 сакавіка – вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава

Музыкі розных пакаленняў выканаюць песні на вершы беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы свет. У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Ракавец з IQ48, гурты MorkvoЦвет і Harotnica.

afisha15_03.jpg

Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе ў мінскім клубе «Брюгге» 15 сакавіка. Тыя, хто любіў і шанаваў паэта, адмыслова рыхтуюцца да гэтай падзеі. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучанні са сцэны будуць зайграныя даўнія хіты гуртоў «Новае Неба» , N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна свежыя песні на ягоныя вершы ў выкананні IQ48 і Змітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў MorkvoЦвет і Harotnica. Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віаланчэлістка Юлія Глушыцкая, а весці імпрэзу будзе Аляксандр Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.by. Афішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта, Алена Дашкевіч.

Топ-12 песень Міхала Анемпадыстава. 

«Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць не траўрнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які б спадабаўся б самому Міхалу», — кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.

Праграма Belsat Music Live памяці Міхала Анемпадыстава. 



Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і Міхала Анемпадыстава на будучы помнік творцы. Канцэрт у «Брюгге» пройдзе напярэдадні ягонага дня народзінаў. Сёлета Міхалу споўнілася б 54 гады. Ён пайшоў у іншы свет 24 студзеня 2018 года.

15.03. Клуб «Брюгге» (пр.Партызанскі, 6а). 19.00. Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава з удзелам Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Касі Камоцкай, Змітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Ракаўца, Аляксандра Памідорава, гуртоў MorkvoЦвет і Harotnica. Даведкі: +375 29 687-20-93. 
Паводле прэс-рэліза