«1918. Нараджэнне новага свету» — у Нацыянальным гістарычным музеі
14 лістапада 2018 года ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «1918. Нараджэнне новага свету» ў рамках аўтарскага праекта У.А. Ліхадзедава «У пошуках страчанага» да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

Падчас мерапрыемства пройдуць дзве прэзентацыі. Вядомы калекцыянер і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў прадставіць фотаальбом «Беларусь 1914–1918. Вайна і мір», які паказвае рэаліі Усходняга фронту вачыма расійскіх і германскіх салдат.
А затым у 18.00 у музейным дворыку вядомая кампанія — распрацоўшчык кампутарных гульняў «Wargaming» зладзіць прэм’ерны паказ новага кароткаметражнага фільма «Атака мерцвякоў: Асавец», што распавядае пра жахі Першай сусветнай на прыкладзе бітвы за Асавецкую крэпасць.
У дні стагоддзя заканчэння аднаго з самых страшных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які шмат у чым змяніў лёсы людзей і сфарміраваў вобраз новага свету, асабліва важна згадаць драматычныя падзеі мінулага, знайсці ў іх вытокі ўзаемапаразумення і прымірэння. Выстава «1918. Нараджэнне новага свету» не толькі дасць магчымасць пазнаёміцца з каштоўнымі гістарычнымі матэрыяламі, але і прадэманструе сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі «Вялікай вайны».
Мінскі цэнтр распрацоўкі «Wargaming» прадставіць для часовай экспазіцыі эксклюзіўныя мультымедыйныя матэрыялы, прысвечаныя бронетэхніцы Першай сусветнай вайны, у тым ліку 3D-праекцыю першага серыйнага танка «Mark I».
На выставе будуць прэзентаваныя ўнікальныя артэфакты з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія дазваляюць пабачыць вайну непасрэдна вачыма яе ўдзельнікаў: знакамітага нямецкага франтавога фатографа Фрыца Краўскопфа, простага расійскага афіцэра-артылерыста Гродзенскай крэпасці паручніка Конанава, вядомага мемуарыста-франтавіка А.А. Успенскага. Сярод экспанатаў — пісьмовая прылада каменданта Гродзенскай крэпасці генерала М.Н. Кайгародава, унікальны каталог гістарычнай выставы, арганізаванай у 1918 годзе ў Мінску нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, творы мастацтва, створаныя ў нямецкім палоне расійскімі і французскімі афіцэрамі, і шмат іншага.
Адкрыццё выставы «1918. Нараджэнне новага свету» стане маштабным
мерапрыемствам, на якое запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. У гасцей
будзе магчымасць пагрузіцца ў атмасферу стогадовай даўніны.Выстава будзе працаваць да 2 снежня.

Паводле прэс-рэлізу