1939: новыя савецкія “паны” пачалі засваенне чарговай унутранай калоніі

Праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” накіраваны на збор і захаванне вусных ўспамінаў сведкаў гісторыі, а таксама на спрыянне даследаванню і пераасэнсаванню савецкага перыяду гісторыі Беларусі. Часопіс BelarusianReview звярнуўся да навуковага куратара праекту прафесара др. Алеся Смалянчука з просьбай распавесці пра праект і ягоную асноўную тэматыку даследаванняў.



belarusian_review.jpg

Belarusian Review: Вы ёсць навуковым куратарам праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі». Чым была выкліканая неабходнасць стварэння гэтага праекту і якія асноўныя кірункі ягонай дзейнасці?

Алесь Смалянчук: Ініцыятыву ў стварэнні Архіву вуснай гісторыі ўпершыню выказала Ірына Кашталян яшчэ ў 2010 г. Я яе падтрымаў, бо здаўна звязаны з гэтым даследчым кірункам і бачу ў ім вялікі патэнцыял для вяртання беларускага грамадства да той гісторыі, якую сапраўды перажывалі нашыя продкі. Вусная гісторыя вельмі часта выкрывае ідэалагізаваны фальш таго варыянту гісторыі Беларусі, які падсоўвае нам афіцыйная ідэалогія.

Да асноўных кірункаў можна аднесці збор і запіс вусных успамінаў, іх апрацоўку, то бок ператварэнне ў гістарычную крыніцу, захаванне з магчымым іх выкарыстаннем наведвальнікамі сайту Беларускага архіва вуснай гісторыі і падрыхтоўку навуковых прац. Таксама ў мінулым годзе мы ўпершыню правялі міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную падзеям восені 1939 г. У гэтым годзе выйшаў з друку зборнік матэрыялаў канферэнцыі.

BRАдной з галоўных тэмаў праекту ёсць падзеі аб’яднання беларускіх земляў у межах БССР у верасні 1939 г. Ці можна сказаць пра нейкія агульныя тэндэнцыі і ў беларускай гістарыяграфіі што да апісання гэтых падзеяў?

АС: Доўгі час панавала савецкая версія гэтага “ўз’яднання”, якая цалкам ігнаравала той факт, што беларуская зямля аб’ядналася ў выніку злачыннай змовы Сталіна і Гітлера (“пакт Молатава-Рыбентропа”), якая развязала Другую Сусветную вайну. Чым яна абярнулася для Беларусі мы добра ведаем… Спробы асобных даследчыкаў паказаць трагічны бок гэтага працэсу, напрыклад, звярнуць увагу на савецкія рэпрэсіі восені 1939 — лета 1941 г., звычайна, трактаваліся як праява нейкага “паланафільства” або здрада ці то савецкім, ці то “нацыянальным” інтарэсам.

Цяпер нешта змянілася. Прынамсі красамоўным было маўчанне прадстаўнікоў афіцыйнай навукі і ідэалогіі ўвосень 2014 г., калі споўнілася 75 год таму “ўз’яднанню”. Ніхто не перашкаджаў нам правесці ў Менску згаданую канферэнцыі і паспрабаваць паглядзець на той працэс з пазіцыі агульначалавечых каштоўнасцяў, галоўнай з якіх ёсць жыццё чалавека.

BRЦі цягам апошніх 20 гадоў адбыліся сэнсавыя змены што да падзеяў 1939 г.?

АС: Прынцыповых зменаў не адбылося, хоць значна пашырыўся плюралізм поглядаў і ацэнак. Мне падаецца, што гэтаму істотна паспрыяла таксама дзейнасць Беларускага архіва вуснай гісторыі. Мы амаль тры гады запісвалі ўспаміны жыхароў колішняй “Рыжскай мяжы”, якая з 1921 па 1939 г. дзяліла Беларусь, і знаёмілі беларускае грамадства з вынікамі даследаванняў.

BRЦі можна сцвярджаць, што беларуская гістарыяграфія пытання верасня 1939 г. адрозніваецца ад польскай у пастаноўцы праблемы і ацэнцы тых падзеяў?

АС: Безумоўна, яна адрозніваецца і павінна адрознівацца. З пункту гледзішча нацыянальнай гісторыі аб’яднанне беларускіх земляў было пазітыўным фактам. Хоць мы заўсёды павінны памятаць, што гэта зрабілі ворагі Беларусі, якія пераследавалі выключна ўласныя мэты, імкнуліся да сусветнага панавання. Інтарэсы беларускага народу ніколі не цікавілі ні Сталіна, ні Гітлера.

За гэтае “ўз’яднанне” не толькі палякі, але і беларусы расплачваліся жыццём мільёнаў суайчыннікаў. Аднак у адрозненні ад адназначнай ацэнкі гэтых падзеяў польскімі гісторыкамі, беларускім даследчыкам, якія ўсведамляюць падзел беларускай зямлі ў Рызе (1921) тагачаснымі кіраўнікамі Савецкай Расеі і Польшчы як трагедыю, складана дасягнуць падобнай адназначнасці.

BRЧым усё ж быў верасень 1939 г. для жыхароў Беларусі, калі ацэньваць яго на падставе праведзенай Вамі і Вашымі калегамі працы і запісаных успамінаў сведкаў тых падзеяў?

АС: Для тых, хто аказаўся непасрэдным сведкам падзеяў верасня 1939 г., — гэта была трагедыя. Нават, калі яна пачыналася з урачыстай сустрэчы Чырвонай арміі і нязмушанай радасці, што “свае” прыйшлі… Вельмі хутка высветлілася, што “сваіх” няма, што прыйшоў бязлітасны акупант, што “вызваленне ад паноў” — гэта хлусня і падман. Новыя савецкія “паны” пачалі засваенне чарговай унутранай калоніі.

budzma.by