20-мятровы кітайскі цмок пасяліўся ў Мінску
У Цэнтральным батанічным садзе Мінска завяршаецца падлучэнне аб’ектаў светлавога шоу «Фестываль гіганцкіх кітайскіх ліхтароў», якое адкрыецца ўвечары 14 лютага і будзе радаваць мінчан да канца сакавіка.
Адным з галоўных аб’ектаў шоу будзе кітайскі цмок вышынёй 3 метры і даўжынёй 20 метраў. Цмок – адзін з галоўных сімвалаў кітайскай культуры, які абазначае добры пачатак ян. Таму не выпадкова, што яго падлучылі і запалілі адным з першых у межах экспазіцыі.
– У Кітаі вераць, што цмок жыве ў рэках, азёрах ды марах. Рэк і азёраў у Беларусі шмат, таму мы мяркуем, што ў Беларусі яму будзе вельмі камфортна, – адзначаюць арганізатары.
Агулам шоу складаецца з больш як 25 маштабных кампазіцый, у якіх задзейнічана больш як 500 светлавых аб’ектаў. Гэта чароўнае падарожжа ў свет казкі, дзе жывуць жывёлы, птушкі, расліны ды іншыя істоты на мяжы рэальнасці і фантазіі. Стваральнік праекта – кітайская кампанія Haitian Culture.
14 лютага ў 18:00 у межах адкрыцця «Фестывалю гіганцкіх кітайскіх ліхтароў» клас Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры пакажа кітайскі танец цмока. Пасля гэтага жывы цмок будзе наведваць Батанічны сад кожныя выходныя. Гледачоў штодзённа будуць чакаць гарачыя напоі і прысмакі, а дзяцей забаўляць раставыя фігуры з папулярных мультфільмаў.
УВАГА! Каб пазбегнуць чэргаў на ўваходзе арганізатары просяць набываць квіткі папярэдне ў касах і сістэме Kvitki.by, а таксама ў салонах «Евросеть», «На связи», «Связной». Кошты ва ўсіх выпадках ідэнтычныя.
«ФЕСТЫВАЛЬ ГІГАНЦКІХ КІТАЙСКІХ ЛІХТАРОЎ»
з 14 лютага да 31 сакавіка – Мінск, Цэнтральны батанічны сад
Час працы: штодзённа з 18:00 да 23:00 (уваход да 22:30).
Квіткі можна набыць на ўваходзе, а таксама на сайце ды ва ўсіх касах Kvitki.by. Дзецям да 4 гадоў уваход бясплатны.
Інфалінія: (017) 292 69 15, (044) 5 947 947.
Паводле прэс-рэлізу