24 лютага прэзентацыя новага альбому Андрэя Мельнікава "Зубы на далоні"
У нядзелю, 24 лютага, адбудзецца прэзентацыя новага альбому легендарнага беларускага барда Андрэя Мельнікава “Зубы на далоні”. Пачатак прэзэнтацыі ў 18-00 па адрасе вул. Чарнышэўскага, 3 (сядзіба БНФ).
“Зубы на далоні” — 21-ы аўдыёальбом Андрэя Мельнікава. Ён з'яўляецца пэўнай рэакцыяй на падзеі 19 снежня 2010 года, аднак дзеля большае вытрымкі спатрэбілася 3 гады, каб сфармаваць гэтую версію альбому.
Творы на вершы Мілаша, Міцкевіча, Караткевіча, а таксама ўласныя спевы барда будуць цікавыя як беларускай моладзі, так і сталым аматарам барда Андрэя Мельнікава.
Вось што кажа пра тэму і аўдыторыю альбома сам бард: "Пасьля пэўнага адбору ў гэтым альбоме засталося 25 зубоў-трэкаў, а 25 — гэта больш за малочны камплект, то бок, альбом, відавочна, не для Вечных Дзяцей Беларусі, а для больш дарослага яе соцыуму і пазасацыяльных элементаў.
Слухачам даецца добрая магчымасць спалучыць свае стаматалагічныя веды з музычнымі ды паэтычнымі і падобна нашаму слаўнаму АМАПу вызначыць, ці засталіся ў сківіцах альбому зубы-трэкі мудрасці і глупства, ці маюцца ў іх прызнакі карыесу, стаматыту, пульпіту і парадантозу і ці варта слухаць іх скрыгатанне далей. Прыемнага дыягназтызавання!"